Кацярына Глінская. Суд Партызанскага раёна Мінска 14 кастрычніка вынес прысуд супрацоўніцы EPAM Кацярыне Глінскай. Яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу цягам двух дзён разглядала суддзя Наталля Дзядкова.

Палітзняволеную Кацярыну Глінскую затрымалі разам з сястрой Юляй 22 ліпеня 2022 года і змясцілі ў СІЗА №1 Мінска. Пазней стала вядома, што Юлю арыштавалі на 15 сутак.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што дзяўчына была актыўнай удзельніцай пратэстаў у 2020 годзе, нібыта  "блакавала праезную частку". Затым у канцы таго ж года пераехала ў Літву. Праз два гады яна вырашыла прыехаць у Беларусь да сяброўкі, дзе і была затрыманая.

Сілавікі апублікавалі відэа, дзе яна нібыта прызнаецца ва ўдзеле ў пратэстах і перакрыцці руху транспарт. Дзяўчат схапілі, калі яны ішлі да свайго аўтамабіля. Затым у кватэры зрабілі ператрус, паведамляе MAYDAYMog.

Суд прызнаў Кацярыну Глінскую вінаватай і пакараў яе пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжуму.

Крыніца: Супрацоўніца EPAM вярнулася ў Беларусь і патрапіла ў калонію на два гады