Палітзняволеных Кацярыну Еўдакімаву і Антона Маслыку затрымалі 29 чэрвеня ў Мінску. Пазней мужчыну змясцілі ў СІЗА на Валадарскага, а дзяўчыне змянілі меру стрымання на хатні арышт. Іх абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Антон і Кацярына выхоўваюць трох непаўнагадовых дзяцей. 14 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска мужу і жонцы агучылі прысуд: Антону прызначылі паўтара года калоніі, а Кацярыне — тры гады "хатняй хіміі". Крымінальную справу супраць Кацярыны і Антона пачалі разглядаць 11 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе па чатырох эпізодах. Падставай для ўзбуджэння справы сталі фотаздымкі, знойдзеныя ў іх Instagram.

Вядома, што дзяржабвінавачванне прасіла для палітзняволеных паўтара года калоніі кожнаму. Суддзя Сяргей Кацар 14 кастрычніка прызнаў палітзняволеных вінаватымі ў "актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і прысудзіў Антону паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а Кацярыне — тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").

Сям'я палітвязняў выхоўвае дзяцей 3-х, 7-мі і 11-ці гадоў.

Падтрымайце Антона грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Антон Віктаравіч Маслыка

Крыніца: Асудзілі сям'ю палітзняволеных за ўдзел у акцыях пратэсту: мужу — калонію, а жонцы — "хатнюю хімію"