Сёння, 14 кастрычніка, палітзняволены намеснік старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч адзначае ў турме свой юбілей  50 гадоў. За кратамі за сваю праваабарончую дзейнасць вясновец утрымліваецца ўжо 15 месяцаў. Праваабарончыя арганізацыі, беларускія лідары, праваабаронцы па ўсім свеце віншуюць у сацсетках Валянціна з Днём народзінаў. "Вясна" збірае віншаванні для Валянціна. Шведская ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека Östgruppen віншуе Валянціа з Днём народзінаў:

"Валік — наш блізкі сябар у Östgruppen, і на працягу многіх гадоў ён неаднаразова бываў у нас у гасцях. Ён з'яўляецца адным з самых вядомых беларускіх праваабаронцаў з вялікім досведам працы і карыстаецца вялікай павагай у праваабарончых колах ва ўсім свеце".

Віншавальны пост пакінула ў Twitter і лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская:

"Паважаны Валянцін, Ваша нястомная барацьба за правы чалавека прынесла Вам сусветнае прызнанне.Я жадаю ад усяго сэрца, каб Вы хутка былі вольныя і ўз'ядналіся са сваёй сям'ёй".

Да віншаванняў далучыўся Фонд Дамоў правоў чалавека і заклікае ў чарговы раз вызваліць праваабаронцу з-за кратаў:

fond_damou.jpeg
Супрацоўнікі Фонда правоў чалавека

"Віншуем з 50-годдзем нашага сябра Валянціна Стэфановіча, які знаходзіцца ў турме ў Беларусі ў адплату за сваю законную праваабарончую працу. Мы паўтараем наш заклік да неадкладнага вызвалення Валянціна і ўсіх палітвязняў у Беларусі".

Віншавальны пост апублікаваў у сябе вядомы шведскі праваабаронца Марцін Угла, былы старшыня Östgruppen:

"Дарагі Валік, віншую з Днём народзінаў! Чакаю на волі! Мне вельмі падабаецца гэтая фатаграфія. Яна паказвае Валіка такім, якім я і многія са мной яго ўспрымаем: добрым, але ў той жа час крутым. Чалавек, які заўсёды побач, каб падтрымаць".

З заклікамі павіншаваць Валянціна выступіла і Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), віцэ-прэзідэнтам якой з'яўляецца вясновец.

Інфармацыя дапаўняецца.

Павіншаваць Валянціна пасылкамі, лістамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Валянцін Канстанцінавіч Стэфановіч

"Такі лёс выпаў Валянціну, як і Алесю, які ўжо другі юбілей адзначыў за кратамі", — Аліна Стэфановіч

"Вясна" паразмаўляла з жонкай Валянціна Алінай пра другі Дзень народзінаў мужа за кратамі, апошнія навіны пра вясноўца і пра існуючыя магчымасці павіншаваць праваабаронцу.

Крыніца: "Жадаю, каб Вы хутка былі вольныя і ўз'ядналіся са сваёй сям'ёй": як віншуюць Валянціна Стэфановіча ва ўсім свеце