У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Былы палітвязень Юры Касцюк у расійскім аэрапорце парэзаў сабе жывот, каб яго не дэпартавалі ў Беларусь
Нагадаем, палітвязень Юрый Касцюк адбыў тэрмін за «знявагу дзяржаўных сімвалаў» і 6 студзеня выйшаў на волю. 15 лютага яго затрымалі супрацоўнікі КДБ з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце «Волейбол по выходным», які аб’ядноўваў палітвязняў, асуджаных на «хімію». Хлопец з'ехаў у Расію, аднак быў затрыманы ў аэрапорце Сочы.
З дапамогай адваката ён падаўся на статус уцекача, пасля адмовы надаць яму прытулак, Юры вырашыў абскардзіць рашэнне. Негледзячы на працэс, 13 кастрычніка прыставы адвезлі Юрыя ў аэрапорт для экстрадыцыі. Як паведамляе dissidentby, пры гэтым яго збівалі па дарозе туды і на зваротным шляху. У аэрапорце Юрый спрабаваў нашкодзіць сабе і парэзаў жывот, каб спыніць катаванні і незаконную экстрадыцыю. Яго вярнулі ў цэнтр часовага ўтрымання іншаземных грамадзян, дзе ён зняў пабоі.
15 кастрычніка павінна была адбыцца сустрэча з адвакатам, але прыставы вывезлі Юрыя ў невядомым накірунку.
У Беразіно быў затрыманы саўладальнік "Студыі нацыянальнай беларускай татуіроўкі 1863" Андрэй Вайцеховіч
Вядома, што затрыманне адбылося ва ўласнай хаце. Некалькі месяцаў таму Андрэй прыехаў з Польшчы. Паводле папярэдняй інфармацыі, цяпер мужчына знаходзіцца ў ІЧУ Беразіно. Прычына затрымання — невядомая.
Палітзняволеную былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну перавялі ў СІЗА-1
Наталлю затрымалі 3 кастрычніка ў межах крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах (арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Затрымлівалі яе мінімум шэсць сілавікоў. Да гэтага цягам года Наталлю затрымлівалі чатыры разы і судзілі па палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулах.
Праваабаронцам стала вядома, што Наталля ўжо пераведзена ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 15 кастрычніка Дапоўнена