У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17-18 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Перад прысудам па "справе Аўтуховічав" затрымалі адвакатку Яніну Юргілевіч
Як паведамляе @freebelaruswomen, 17 кастрычніка перад працэсам па "справе Аўтуховіча" была затрыманая адвакатка, якая абараняла аднаго з членаў сям'і Рэзановіч па справе. У сувязі з яе затрыманнем была выдзелена замена адваката за вельмі кароткі час. Таксама Яніна з'яўляецца маці арыштаванай адвакаткі Юліі Юргілевіч.
"Пры ўваходзе на тэрыторыю турмы каля КПП была затрыманая Юргілевіч, мама Юлі. Супрацоўнікі КДБ яе чакалі з бусам на вуглу турмы. Калі яна прыйшла, яны далі апазнавальныя сігналы іншым сваім супрацоўнікам, падагналі хутка іншы бус. З яго выйшаў мужчына, паказаў ксіву <...> і іншых два забралі гэтую жанчыну пад рукі і павезлі", — распавялі відавочцы.
У Мінску затрымалі акцёра і ўладальніка фотастудыі
Дзянісу Нікіціку 44 гады, мужчына здымаўся ў масоўцы розных серыялаў, а таксама ў фільме «Мы браты / Код Каіна».
Паводле інфармацыі праўладных тэлеграм-каналаў, Дзяніс нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і пакідаў абразлівыя каментары ў інтэрнэце.
Паліну Шарэнду-Панасюк зноў збіраюцца судзіць за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі
Пра ўзбуджэнне новай крымінальнай справы супраць Паліны паведаміў ейны муж:
"Стала вядома, што 9 кастрычніка Паліна выйшла з ШІЗА пасля 40 содняў знаходжання там. Але ўжо былі падрыхтаваныяновыя паперы па змяшчэнню яе ў ПКТ (памяшканьне камернага тыпу) на два месяцы. Магчыма Паліна ўжо знаходзіцца там.
Таксама стала вядома, што на Паліну заведзена чарговая крымінальная справа па частцы 2 артыкула411 (Злоснае непадпарадкаванне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы). Пасля адбыцця тэрміну ў ПКТ, Полю могуць перавесці ў СІЗА-3 г. Гомеля".
Нагадаем, у красавіку Паліну ўжо асудзілі па ч. 2 арт. 411 КК. Суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі. Ёй зноў пагражае да двух гадоў калоніі.
Падтрымайце палітзняволеную: ПК № 24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Паліне Сяргееўне Шарэндзе-Панасюк
Прызнанне "экстрэмісцкай" кнігі Святланы Казловай "Аграрная палiтыка нацыстаў у Заходняй Беларусi: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне"
Адапаведнае рашэнне 7 кастрычніка прыняў суд Цэнтральнага раёну Мінска.
Telegram-канал беларускага палка «Пагоня» прызнаны "экстрэмісцкім"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Маскоўскага раёну Мінска 10 кастрычніка.
Былы палітвязень Юры Касцюк, які ў расійскім аэрапорце парэзаў сабе жывот, дэпартаваны ў Беларусь
Хроніка палітычнага пераследу 15 кастрычніка
Нагадаем, Юрый адбыў тэрмін за "знявагу дзяржаўных сімвалаў" і 6 студзеня выйшаў на волю. 15 лютага яго затрымалі супрацоўнікі КДБ з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце "Волейбол по выходным", які аб’ядноўваў палітвязняў, асуджаных на «хімію». Хлопец з'ехаў у Расію, аднак быў затрыманы ў аэрапорце Сочы.
З дапамогай адваката ён падаўся на статус уцекача, пасля адмовы надаць яму прытулак, Юры вырашыў абскардзіць рашэнне. Негледзячы на працэс, 13 кастрычніка прыставы адвезлі Юрыя ў аэрапорт для экстрадыцыі. У аэрапорце Юрый спрабаваў нашкодзіць сабе і парэзаў жывот, каб спыніць катаванні і незаконную экстрадыцыю. Яго вярнулі ў цэнтр часовага ўтрымання іншаземных грамадзян, дзе ён зняў пабоі.
Праваабаронцам стала вядома, што ў суботу Касцюка вывезлі ў Беларусь. Цяпер мужчына знаходзіцца ў ІЧУ Пружанаў.
Падтрымайце Юрыя: ІЧУ Пружанскага РАУС, 225133, г. Пружаны, вул. Савецкая, 36, Касцюк Юрый Андрэевіч
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманне адвакаткі па "справе Аўтуховіча", акцёра: пераслед 17-18 кастрычніка Дапоўнена