Бярозаўскім раённым судом 17 кастрычніка асуджаны былы следчы райаддзела СК Максім Куроўскі. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Справа разглядалася суддзёй Наталляй Вакульчык.
40 –гадовы Максім Куроўскі скончыў мясцовую школу ў Пружанах, пасля Акадэмію МУС. Працаваў оперупаўнаважаным групы наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі ў Пружанскім РАУСе. Затым — следчым Пружанскага райаддзелу СК. Звольніўся са службы ў 2020 годзе.
Па матэрыялах абвінавачання, Максім Куроўскі ў адным з чатаў месенджара “Telegram” наўмысна размяшчаў паведамленні ў дачыненні да прэзідэнта Лукашэнкі, непрыстойныя па форме і абразлівыя па змесце. Экспертызай устаноўлена, што паведамленні змяшчалі негатыўную ацэнку кіраўніка дзяржавы, прыніжалі ягоныя гонар і годнасць. Прычым, карыстаўся пры гэтым беларускай мовай.
Нядаўна адмысловым загадам прэзідэнта Куроўскага пазбавілі службовага звання.
Судовы працэс пачаўся яшчэ 11 кастрычніка.
У якасці акалічнасці, якая змякчае адказнасць абвінавачанага, суд прызнаў раскаянне ў зробленым, а таксама наяўнасць на ўтрыманні Максіма дваіх малалетніх дзяцей.
Тым не меней, прысудам суда Куроўскі прызнаны вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта, яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У дачыненні да мабільнага тэлефона, які належыць абвінавачанаму, ужытая спецыяльная канфіскацыя.
Крыніца: Два гады калоніі прысудзілі за абразу Лукашэнкі былому следчаму ў Бярозе