Заява праваабарончай супольнасці Беларусі 18 кастрычніка 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што ўлады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства і прымяняюць да пратэстоўцаў празмерна жорсткія меры адказнасці, звязаныя са зняволеннем на працяглы тэрмін за здзяйсненне дзеянняў, якія не пацягнулі цяжкіх наступстваў. У прыватнасці, кваліфікацыя дзеянняў як тэрарызму заведама не адпавядае таму, што, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, павінна ўкладвацца ў гэта паняцце.

Пад тэрарызмам у міжнародным праве звычайна разумеюцца акты гвалту, якія здзяйсняюцца ў адносінах да грамадзянскага насельніцтва ў палітычных ці ідэалагічных мэтах.

У Дэкларацыі аб мерах па ліквідацыі міжнароднага тэрарызму, сфармуляванай у рэзалюцыі 49/60, Генеральная Асамблея заявіла, што тэрарызм уяўляе сабою "злачынныя акты, накіраваныя ці разлічаныя на стварэнне абстаноўкі тэрору сярод шырокай грамадскасці, групы асоб ці пэўных асоб у палітычных мэтах".

У адпаведнасці з рэзалюцыяй 1566 (2004)2004 Савета Бяспекі, дзеянні, якія павінны прадухіляцца і карацца незалежна ад таго, ці апраўдваюцца яны меркаваннямі палітычнага, філасофскага, ідэалагічнага, расавага, этнічнага, рэлігійнага ці іншага падобнага характару, маюць наступныя тры характарыстыкі:

- здзяйсняюцца, у тым ліку, супраць грамадзянскіх асоб, з намерам прычыніць смерць ці сур'ёзную шкоду здароўю ці захапіць закладнікаў;

- здзяйсняюцца з мэтай выклікаць стан страху ў шырокай грамадскасці, ці групы людзей, ці асобных асоб, запалохаць насельніцтва або прымусіць урад ці міжнародную арганізацыю здзейсніць якое-небудзь дзеянне ці ўстрымацца ад яго здзяйснення;

- уяўляюць сабой злачынствы па сэнсе міжнародных канвенцый і пратаколаў, якія тычацца тэрарызму.

У адсутнасць гэтых прыкмет супрацьпраўныя дзеянні не маюць сапраўды тэрарыстычнага характару і павінны кваліфікавацца як злачынствы супраць парадку кіравання (пагроза ўжывання гвалту супраць службовых асоб) ці супраць уласнасці (напрыклад, наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці) з ужываннем санкцый, якія адпавядаюць цяжкасці і грамадскай небяспецы здзейсненага.

Мы ў чарговы раз нагадваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым ці фактычна ў закрытым судовым пасяджэнні ў адсутнасць публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і крытычна дыскрэдытуе ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці доказаў абвінавачвання.

Нам вядома пра асуджэнне ў закрытым судовым пасяджэнні паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі (частка 2 артыкула 290-4 КК), акце тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча (частка 1 артыкула 359 КК), закліках да мер абмежавальнага характару (частка 3 артыкула 361 КК), удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць парадак (частка 1 артыкула 342 КК), распальванні сацыяльнай варажнечы (частка 3 артыкула 130 КК) і знішчэнні ці пашкоджанні чужой маёмасці (частка 1 артыкула 218 КК), што, згодна з версіяй абвінавачвання, выявілася ў розным спалучэнні ў абвінавачаных: ва  ўдзеле ў прызнанай тэрарыстычнай ініцыятыве "Супраціў" і яе складовай частцы "Буслы ляцяць"; удзеле ў акцыях пратэсту; пашкоджанні аўтамабіля суддзі Барысаўскага раёна і супрацоўніка праўладнага СМІ; кіданні камянёў у вокны кватэры супрацоўніка пракуратуры і праўладнай актывісткі; пашкоджанні элементаў сістэмы вулічнага відэаназірання:

Андрэя Будая да пазбаўлення волі на тэрмін пятнаццаць гадоў у папраўчай калоніі і штрафу ў 16 000 беларускіх рублёў;

Аляксея Гамезы да пазбаўлення волі на тэрмін чатырнаццаць гадоў і шэсць месяцаў папраўчай калоніі і штрафу ў 16 000 беларускіх рублёў;

Аляксея Іванісава да пазбаўлення волі на тэрмін чатырнаццаць гадоў у папраўчай калоніі і штрафу ў 16 000 беларускіх рублёў;

Аляксандра Мураўёва да пазбаўлення волі на тэрмін дванаццаць гадоў у папраўчай калоніі;

Аляксандра Сідарэнкі да пазбаўлення волі на тэрмін дванаццаць гадоў у папраўчай калоніі;

Мікалая Бібліса да пазбаўлення волі на тэрмін восем гадоў і шэсць месяцаў у папраўчай калоніі і штрафу ў 9 600 беларускіх рублёў.

Аляксей Гамеза і Аляксей Іванісаў ужо прызнаныя палітзняволенымі пасля змяшчэння іх пад варту першапачаткова паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў групавых дзеяннях; вынясенне прысуду па гэтым абвінавачванні ў закрытым судовым пасяджэнні не змяняе ацэнак праваабаронцаў.

Акрамя таго, нам вядома пра вынясенне прысуду ў дачыненні да Юрыя Зянковіча, Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуты, Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука. В. Галубовіч і Д. Краўчук асуджаны за ўдзел у пратэсных мірных сходах да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў, раней прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі. Р. Кастусёў і А. Фядута асуджаныя за ўдзел у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам да дзесяці гадоў пазбаўлення волі, раней прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі з патрабаваннем забеспячэння справядлівага разгляду справы ў судзе і змены меры стрымання. З улікам акалічнасцяў, пры якіх былі здзейсненыя дзеянні абвінавачаных (адсутнасць легітымнай, канстытуцыйна і дэмакратычна абранай, прызнанай народам Беларусі і міжнароднай супольнасцю ўлады, часта ўтапічныя, непрыдатныя да рэалізацыі планы "змоўшчыкаў", правакацыя злачынства з боку прадстаўнікоў улады), а таксама шматлікія парушэнні правоў абвінавачаных на справядлівы суд (парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, адсутнасць незалежнага аб'ектыўнага разгляду довадаў у абарону абвінавачаных), вынікам якіх сталі відавочна занадта жорсткая кваліфікацыя і селектыўна празмерна жорсткія пакаранні, мы лічым неабходным захаваць свае ацэнкі і патрабаванні.

У дачыненні да Юрыя Зянковіча мы таксама лічым неабходным з гэтых жа прычынаў патрабаваць перагляду прысуду.

17 кастрычніка 2022 года вынесены прысуд у дачыненні да:  

Мікалая Аўтуховіча, якім ён паводле ч. 3 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй); ч. 1 арт. 14  і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам); ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве); ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы); ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 14 , ч. 1 арт. 290-2 КК (замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць); ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго); ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку падрыхтоўка да такіх дзеянняў); ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перасоўванне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад); ч. 1 арт. 295-3 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) асуджаны да дваццаці пяці гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 32 000 беларускіх рублёў;

Паўла Савы, якім ён паводле ч. 2 арт. 285 КК і ч. 3 арт. 289 КК  асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на дваццаць гадоў у папраўчай калоніі і штрафу;

Віктара Снегура, якім ён паводле ч. 2 арт. 285 КК, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 4 арт. 295 КК, ч. 3 арт. 333-1 КК асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на дзевятнаццаць гадоў у папраўчай калоніі і штрафу;

Ірыны Гарачкінай, якім яна паводле ч. 3 арт. 295 КК і ч. 1 арт. 405 КК (укрывальніцтва цяжкага злачынства) асуджана да пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў і адзін месяц у папраўчай калоніі і штрафу.

Гэтым жа прысудам асуджаны да пазбаўлення волі Вольга Маёрава, Уладзімір Гундар, Сяргей Рэзановіч, Любоў Рэзановіч, Павел Рэзановіч, Галіна Дзербыш, Ірына Мельхер, якія раней былі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі з патрабаваннем забеспячэння справядлівага разгляду справы ў судзе і змены меры стрымання.

Паказаныя патрабаванні выкананы не былі, судовы разгляд у дачыненні да ўсіх абвінавачаных адбыўся з надзвычай грубымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага суда і працэсуальных правоў абвінавачаных, у адсутнасць незалежнасці і аб'ектыўнасці, фактычна ў закрытым і часткова — у закрытым судовым пасяджэнні, ва ўмовах ігнаравання судом заяў абвінавачаных пра ўжыванне катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, у адсутнасць сапраўднай спаборнасці бакоў і бесстаронняй ацэнкі доказаў.

Гэта пацягнула (або выкарыстоўвалася дзеля ўтойвання сапраўдных нагодаў прымяніць) неправамерна жорсткую кваліфікацыю дзеянняў усіх абвінавачаных і прызначэнне ўсім ім надзвычай суровага пакарання.

Такім чынам, у нас няма падставаў змяняць ацэнкі і патрабаванні да прысуду ў дачыненні да абвінавачаных, ужо прызнаных палітвязнямі; адначасова ў сувязі з вышэйпададзенымі акалічнасцямі з'явіліся падставы патрабаваць перагляду прысуду ў дачыненні да астатніх абвінавачаных.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, не апраўдваючы дапушчальнасць выкарыстання абвінавачанымі гвалтоўных і небяспечных метадаў, тым не менш сукупнасць выкладзеных акалічнасцяў дазваляе прыйсці да высновы пра існаванне палітычнага матыву пераследу абвінавачаных. Мы лічым, што судовыя рашэнні прынятыя з палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.

У чарговы раз падкрэсліваем, што характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  1. a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Андрэя Будая, Аляксандра Мураўёва, Аляксандра Сідарэнкі, Мікалая Бібліса, Юрыя Зянковіча, Мікалая Аўтуховіча, Паўла Савы, Віктара Снегура, Ірыны Гарачкінай. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН;

БАЖ;

Lawtrend.

Крыніца: Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 9 новых палітычных зняволеных