У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Інфармацыйная прадукцыя Telegrаm-канала «Протесты в Беларуси» прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі

Адпаведнае рашэнне прынятае па заяве пракуратуры Савецкага раёна горада Мінска.

У Баранавічах затрыманы гаспадар крамы з нацыянальнай сімволікай Юрый Казакевіч

Учора на праўладных тэлеграм-каналах з'явіўся допіс пра тое, што ў Баранавічах «у краме "Росквіт" з-пад падлогі гандлююць забароненай паліцайскай сімволікай».

Праваабаронцам стала вядома, што ноччу — праз некалькі гадзін пасля публікацыі запісу — да гаспадара крамы Юрыя Казакевіча прыйшлі сілавікі. Вядома, што дома ў мужчыны быў праведзены ператрус, а сам ён стаў фігурантам крымінальнай справы. Па якім артыкуле затрыманы мужчына — пакуль невядома.

У лютым 2021 года ДФР правяраў краму Казакевіча, а ў лістападзе таго ж году мужчыну затрымлівалі сілавікі.

Спіс «экстрэмістаў» МУС папоўніўся адразу 79-цю прозвішчамі

Сярод іх — шмат асуджаных паводле дыфамацыйных артыкулаў, а таксама «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэкса, многія з якіх ужо альбо выйшлі пасля калоній, альбо асуджаныя да «хіміі».

Так, «экстрэмістамі» прызнаныя палітзняволеныя Арцём Анішчук, які заяўляў пра катаванні ў ПК-15, вілейскі актывіст Андрэй Кудзік, а таксама блогерка Вольга Такарчук, якая выйшла на волю пасля поўнага адбыцця тэрміна ў калоніі, і аўтар «Вікіпедыі» Марк Берштэйн, якога асудзілі да «хатняй хіміі».

У палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына забралі ручнік і фотаздымак жонкі з-за «палітычнага падтэксту»

«Рушнік вытворчасці рэчыцкага тэкстыльнага камбіната служыць нашай сям’і ўжо безліч гадоў, ды й Дзяніс паспеў ім пакарыстацца ў вязніцы, пакуль у ім не заўважылі "палітычны падтэкст", не менш як паўгады палону», — напісала жонка Дзяніса.

Таксама пры ператрусе забралі здымак жонкі палітвязня — на ім яна стаіць з белым-чырвоным парасонам на фоне будынка з сіне-жоўтай падсветкай.

У Беларусі ліквідуюць дабрачынны фонд «Вяртанне»

Ліквідацыя «Вяртання» прызначаная на 25 кастрычніка, паведамляецца на сайце Мінскага гарадскога суда.

Фонд быў шматгадовым партнёрам Беларускага ПЭНу, падтрымліваў Прэміі Цёткі і Карласа Шэрмана, садзейнічаў развіццю беларускай культуры, навукі, адукацыі.

Адміністрацыя віцебскай калоніі "забараніла" публікаваць лісты Максіма Знака.

Сваякамі палітвязня Максіма Знака быў створаны тг-канал "Неверагодныя лісты". У ім публікаваліся вершы, разважанні і апавяданні з лістоў Максіма цягам некалькі месяцаў. Але ўчора ў канале з'явіўся пост пра тое, што публікацыя лістоў спыняецца. Прычына — пасты ў канале не падабаюцца адміністрацыі віцебскай калоніі № 3.

Нагадаем, палітзняволеных Максіма Знака і Марыю Калеснікаву абвінавачвалі ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. 6 верасня суддзя Сяргей Епіхаў асудзіў Знака да 10 гадоў калоніі.

Крыніца: 79 новых "экстрэмістаў", "забарона" на публікацыю лістоў Максіма Знака: хроніка пераследу 14 кастрычніка Дапоўнена