У Мінскім абласным судзе 19 кастрычніка распачаўся суд па справе "Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі", якую ў Беларусі прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй. Па справе праходзяць адразу пяць чалавек — Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак. Агулам іх судзяць па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку, за тэрарызм. Ім інкрымінуюцца тры эпізоды – спроба падрыва вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расеі ў Вілейцы, замах на прапагандыста Рыгора Азаронка і спроба знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах. Пра затрыманне ўдзельнікаў "АГСБ" і гэтыя эпізоды стала вядома з выступа Лукашэнкі да Дня незалежнасці ў 2021 года. Справу прызначаны разглядаць сумнавядомы "палітычны" суддзя Сяргей Епіхаў. Суд пакуль праходзіць у адкрытым рэжыме. Усім фігурантам пагражаюць вялікія тэрміны зняволення. Тэлеграм-канал і чат "Атрады грамадзянскай самаабароны" (АГСБ) узніклі ў верасні 2020 года. Праз год — 18 жніўня 2021 года — супольнасць "Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі" па рашэнні Вярхоўнага суда была прызнана тэрарыстычнай. Заяўлялася, што мэтай фарміравання было аб'яднаць "радыкальна настроеных грамадзян для ўдзелу ў мерапрыемствах па гвалтоўнай змене дзяржаўнай улады і тэрактах у Беларусі". Дзейнасць "АСБ " на тэрыторыі краіны забароненая. Прызнанне "АГСБ" тэрарыстычнай арганізацыяй ініцыяваў генпракурор Андрэй Швед.
"АГСБ" — тэрарыстычная арганізацыя
Эпізод 1: спроба падрыва вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расеі ў Вілейцы
Па справе спробы падрыва вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расеі ў Вілейцы праходзяць тры чалавекі — Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак і Аляксей Глотаў. Упершыню іх прозвішчы сталі вядомыя з выступу Лукашэнкі 2 ліпеня 2021 года. Паводле яго, "Атрады самаабароны" спрабавалі падарваць вузел сувязі Вайскова-марскога флоту Расеі ў Вілейцы. З ягоных словаў, нядаўна ў СМІ абмяркоўвалася нейкае здарэнне ў гэтым раёне, аднак, што менавіта здарылася, зразумела так і не стала. Па словах Лукашэнкі, ён распавёў аб гэтай падзеі ў тэлефоннай размове з Уладзімірам Пуціным.
"Мы вельмі сур'ёзна абмеркавалі і гэтую праблему. Вынік гэтага абмеркавання вы разумееце. Усе ўдзельнікі тэракту, у тым ліку тыя, хто ажыццяўляў і арганізоўваў, на працягу двух сутак былі знойдзеныя і арыштаваныя".
Тады Лукашэнка назваў і прозвішчы затрыманых: Гулевіч, Ашурак, Глотаў, Гаспадароў (ягоны лёс невядомы). Яны хацелі збегчы ў Украіну і Літву, але спробы не ўдаліся.
Дзяржаўны тэлеканал АНТ выпусціў фільм, дзе распавядаюцца падрабязнасці справы "АГСБ". Па сутнасці, словы Лукашэнкі, прапагандысцкі відэасюжэт і прэс-рэлізы дзяржаўных ведамств — адзіныя (абвінаваўчыя) крыніцы інфармацыі па справе. Пазіцыі саміх фігурантаў па справе невядомыя.
Мяркуючы фільму АНТ, 35-гадовы Вадзім Гулевіч, быў затрыманы супрацоўнікам КДБ пры спробе ўстанаўлення выбухоўкі на вузле радыёсувязі ў Вілейскім раёне (43-ы вузел сувязі ВМФ Расеі, адзін з двух вайсковых аб'ектаў РФ у Беларусі). Па словах яго маці ў інтэрв'ю "Нашай Ніве", Вадзім быў затрыманы 28 чэрвеня 2021 года каля ўкраінскай мяжы.
У фільме сцвярджалася, што затрыманым КДБ напарнікам Гулевіча пры спробе падрыву станцыі пад Вілейкай быў 44-гадовы Аляксей Глотаў. Паводле інфармацыі прапагандыстаў, у абавязкі Глотава таксама ўваходзіла перадача пісталета для нападу на Рыгора Азаронка — зброю канфіскавалі пры затрыманні.
23-гадовы Кірыл Ашурак у фільме АНТ называецца першапачатковым выканаўцам задання па падрыву аб'екта ў Вілейцы, аднак у выніку адмовіўся ад удзелу і толькі дапамог выведаць мясцовасць. Аляксандр Лукашэнка згадваў Ашурку ў ліку людзей, якія нібыта хацелі збегчы ў Украіну і Літву, аднак былі затрыманыя групай КДБ "Альфа". Вядома, што Кірыл затрымліваўся і быў жостка збіты 9 жніўня 2020 года — пра гэта ён распавядаў "Імёнам".
Эпізод 2: спроба знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах
Гэта інкрымінуецца 39-гадовай Наталлі Мацвеевай. Таксама пра гэты эпізод упершыню стала вядома ад Лукашэнкі 2 ліпеня 2021 года. Тады ён заявіў, што літаральна нядаўна спрабавалі знішчыць вялікую колькасць лесанарыхтоўчай тэхнікі ў лясгасах.
"Прозвішча выканаўцы, якая сама падахвоцілася, — Н. Мацвеева. Перахопленая групай "Альфа", арыштаваная і дае паказанні. У бліжэйшы час мы вас азнаёмім з імі. Якая мэта — падпаліць калону аўтамабіляў ноччу, выкласці гэта ў інтэрнэце і паказаць: глядзіце, мы жывыя, мы змагаемся і зрынем гэты рэжым. Гэта было 8 чэрвеня — яе затрыманне. Замах не ўдаўся".
Эпізод 3: замах на Азаронка
32-гадовы жыхар Ліды Дзмітрый Сасноўскі быў затрыманы 1 чэрвеня 2021 года. Яго абвінавачваюць у замаху на прапагандыста Рыгора Азаронка. У фільме АНТ паказваюцца кадры нападу, праўда, на іх Сасноўскі бяззбройны. Нібыта Глотаў мусіў перадаць яму зброю. Сам напад на Азаранку здзяйсняе чалавек, які, як мяркуецца, быў сілавіком.
У чым цяпер абвінавачваюць фігурантаў справы?
У верасні 2021 года Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак унесеныя ў Пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Цяпер фігурантаў справы абвінавачваюць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:
- Наталлю Мацвееву – ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 (падрыхтоўка да акта тэрарызму), ч. 2 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
- Вадзіма Гулевіча – ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 2 арт. 289 (акт тэраррызму), ч. 1 арт. 290-2 (садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 арт. 13 і арт. 290-3 (падрыхтоўка да праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
- Кірыла Ашурка – ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 289 (памагаты ў акце тэрарызму) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
- Аляксея Глотава – ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359 (падрытхтоўка да ўдзелу ў акце тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 295, ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
- Дзмітрыя Сасноўскага – ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359 (падтрыхтоўка да акта тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча), ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 295, ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці следчага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Абвінавачаным пагражаюць вялікія тэрміны зняволення. Усе фігуранты ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ.
Крыніца: У Мінску распачаўся суд па справе "АГСБ": распавядаем падрабязнасці