У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мазыры затрымалі юнака за абразу Лукашэнкі

Затрыманага 2001 года нараджэння, меркавана, завуць Сяргей Гулін. У так званым "пакаяльным" відэа ў Тэлеграм-канале, блізкім да сілавікоў, хлопец кажа, што пісаў абразы ў бок супрацоўнікаў міліцыі і Лукашэнкі, а таксама заклікаў перакрыць мост у Мазыры "для гісторыі".

Гэтае відэа суправаджаецца тэкстам ад сілавікоў пра тое, што акрамя таго, што распавёў сам Сяргей, ён яшчэ і "маляваў свастыку балончыкам на помніках і платах" і "распальваў нянавісць у беларускім сегменце інтэрнэту".

Імаверна, паведамляе "Гомельская вясна",  на Сяргея можа быць заведзена некалькі крымінальных спраў.

У Лідзе быў затрыманы 46-гадовы Сцяпан Якуць

На відэа, якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, мужчына кажа, што быў затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і абразу супрацоўнікаў міліцыі ў інтэрнэце. Пра затрыманне паведамляе "Гарадзенская праваабарона".

Мінск: паведамляюць пра затрыманне Руслана Мазаніка

У Мінску ў другой палове дня 19 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі затрымалі Руслана Мазаніка. Папярэдне вядома, што яго даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска.

Сваякам паведамілі, што журналіста затрымалі за нейкі рэпост у сацыяльных сетках. Праваабаронцам вядома, што Руслана Мазаніка затрымлівалі і ў 2021 годзе. Тады яму прысудзілі 13 сутак арышту.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманні па ўсёй краіне: хроніка пераследу 20 кастрычніка