У Брэсцкім абласным судзе 14 кастрычніка па "справе Зельцэра" асудзілі 34-гадовага палітзняволенга Яўгена Тазава. Паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса суддзя Дзмітрый Куроўскі прызначыў яму два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Згодна з версіяй абвінавачвання, Тазаў напрыканцы верасня 2021 года "размясціў у дэструктыўным Telegram-чаце каментар пад публікацыяй адносна гібелі пры выкананні службовага абавязку супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, у якім негатыўна адазваўся ў цэлым аб прадстаўніках праваахоўнага блока, а таксама выказаў заклікі да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да іх". Змест каментара невядомы.
Яўген Тазаў на судзе віну не прызнаў.
Пракурор запрасіў для яго два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такі тэрмін і прызначыў суддзя Дзмітрый Куроўскі. Таксама ў Яўгена канфіксавалі тэлефон як "сродак здзяйснення злачынства". Пад вартай хлопец утрымліваецца амаль год — з 30 верасня 2021 года.
Падтрымайце Яўгена: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Яўген Іванавіч Тазаў
Крыніца: У Брэсце 2,5 гады калоніі прызначылі палітвязню па "справе Зельцэра"