У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У эфіры дзяржаўнага тэлебачання назвалі імёны затрыманага "ўкраінскага шпіёна" і "завербаваных ім беларусаў"

Згодна з дадзенымі дзяржаўнага тэлебачання, затрыманы грамадзянін Украіны Павел Купрыенка. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа ў сувязі з "агентурнай дзейнасцю".Таксама затрыманыя двое беларусаў: Тарас Мачынскі і Зміцер Салавенчык. Супраць іх распачалі крымінальныя справы аб "здрадзе дзяржаве".

Па дадзеных КДБ, затрыманыя збіралі і перадавалі дадзеныя аб размяшчэнні чыгуначных вузлоў і перамяшчэнні вайсковай тэхнікі.

Дар’ю Лосік не выпусцілі з-пад варты — яна застаецца ў СІЗА Брэста

Дар'я Лосік. Фота з сацсетак

Жонку палітвязня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка. Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-ай раніцы, сама Дар’я з дзвюхгадовай дачкой Паўлінай яшчэ спала. Паводле паведамленняў праўладных тэлеграм-каналаў, Дар’ю абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» вясной 2022 году.

Паводле якога артыкулу абвінавачваюць жонку палітвязня, афіцыйна не паведамляецца.

Следчым камітэтам пачаты працэс спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да прадстаўнікоў Кардынацыйнай рады

Адпаведнае рашэнне ўзгоднена Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікоў Кардынацыйнай рады збіраюцца судзіць завочна.

Святлане Ціханоўскай інкрымінаваныя ажно 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 292 (падрыхтоўка да захопу і ўтрымання будынкаў і збудаванняў);
  • ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
  • ч.1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкіх фармаванняў і кіраўніцтва імі);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці);
  • ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
  • ч. 4 арт. 16 і арт. 382 (арганізацыя і кіраўніцтва самавольнага прысваення звання і ўлады службовай асобы);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме);
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Таксама спецыяльная вытворчасць распачата ў дачыненні да Паўла Латушкі — яму інкрымінаваныя 8 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч.1 арт. 357 (Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 3 арт. 361 (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання);
  • ч. 3 арт. 130 (Распальванне варожасці);
  • ч. 4 арт. 16 і арт. 382 (Арганізацыя і кіраўніцтва самавольнага прысваення звання і ўлады службовай асобы);
  • ч. 2 арт. 191 (Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме);
  • ч. 3 арт. 426 (Наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадастаўленых яму па службе, якія пацягнулі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), здзейсненае з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці асобай, якая займае адказнае становішча, якія пацягнулі цяжкія наступствы);
  • ч. 3 арт. 430 (Прыняцце службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцяў, якія прадстаўляюцца выключна ў сувязі з займаным службовым становішчам, за спрыяльнае рашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, за выкананне ў інтарэсах даючага хабар і прадастаўленым ім асоб, дзеяння, якое гэта асоба павінна было або магло здзейсніць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў (атрыманне хабару), у буйным памеры, учыненае асобай, якая займае адказнае становішча).

Вядома, што спецыяльная вытворчасць распачата таксама ў дачыненні да Вольгі Кавальковай. Ёй інкрымінуецца ажно пяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч.1 арт. 357 (Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 3 арт. 361 (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання);
  • ч. 3 арт. 130 (Распальванне варожасці);
  • ч. 2 арт. 191 (Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме).

Таксама спецыяльная вытворчасць распачата ў дачыненні да Марыі Мароз і Сяргея Дылеўскага

Марыі інкрымінаваныя:

  • ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 292 (падрыхтоўка да захопу і ўтрымання будынкаў і збудаванняў);
  • ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
  • ч. 1 арт. 357 (змова, учыненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Сяргею інкрымінаваныя:

  • ч.1 арт. 357 (Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 3 арт. 361 (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання).

Крыніца: "Спецыяльная вытворчасць" для Кардынацыйнай рады, затрыманні за перадачу дадзеных: хроніка пераследу 21 кастрычніка