Заўтра, 22 кастрычніка, палітзняволенаму каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзю Лабковічу споўніцца 44 гады — гэта ўжо другі Дзень народзінаў, які вясновец вымушаны сустракаць за кратамі. За 15 месяцаў зняволення ў яго моцна пагоршылася здароўе, праваабаронцу перыядычна блакуюць ліставанне, трое яго дзетак гадуюцца без бацькі. "Вясна" паразмаўляла з жонкай праваабаронцы Нінай пра яго стан і ўмовы ўтрымання, пра тое, як сям'я перажывае разрыў з ім і як можна павіншаваць праваабаронцу за кратамі.  14 ліпеня 2021 года, кал адбыўся рэйд на праваабаронцаў і былі затрыманыя 11 вясноўцаў, з Уладзем таксама затрымалі ягоную жонку Ніну. У наступстве яна, як і яе муж, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, стала абвінавачанай па “справе Вясны”. Некалькі сутак яе, як і іншых, пратрымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Пасля 10 сутак яе адпусцілі пад падпіскай аб нявыездзе. Праз 14 месяцаў — пасля шматлікіх допытаў, выклікаў у Следчы камітэт і ператрусу  — з Ніны знялі абвінавачванні. А вось Уладзю, Алесю і Валянціну выставілі больш жорсткія. Праз крымінальны пераслед жонкі Уладзь вельмі хваляваўся і нярваваўся, і толькі пару тыдняў таму дазнаўся, што з яе зняты статус абвінавачанай:

Ніна і Уладзь Лабковічы са старэйшай дачкой Адэляй
Ніна і Уладзь Лабковічы са старэйшай дачкой Адэляй

"Калі бачыш свайго самага блізкага чалавека ў турме — зусім іншая сітуацыя"

"Я мяркую, што, калі ён пра гэта дазнаўся, то гэта стала для яго палягчэннем".

Ніна цяпер узгадвае, што пры затрыманні, яна не думала пра тое, як і калі гэта скончыцца, бо тады былі думкі толькі пра дзяцей і блізкіх людзей:

"Да гэтага [затрымання] нельга падрыхтавацца. Хаця ведаеш, што адбываецца навокал, і што такое магчыма". 

Паводле Ніны, яна мелькам бачыла Уладзя 14 ліпеня ў Следчым камітэце і потым удалечыні ў СІЗА-1.

"Калі ты сам праходзіш гэта ўсё — гэта адно, а калі бачыш свайго самага блізкага чалавека ў турме — зусім іншая сітуацыя. Калі ён зразумеў, што мяне таксама затрымалі, то, мяркую, у яго ўжо было іншае стаўленне да сітуацыі. Было толькі адно пытанне: "Што з дзецьмі?" Ён вельмі хваляваўся. І цяпер для яго самае галоўнае пытанне — каб з намі было ўсё ў парадку".

"Першыя 3-4 дні ён спаў на падлозе"

Паводле жонкі палітвязня, праваабаронца за 15 месяцаў у СІЗА-1 змяніў дзве сталыя камеры. Яна падкрэслівае, што ў зняволенні вельмі важна, якія людзі цябе акружаюць, і з гэтым Уладзю пашанцавала:

"І там, і там былі добрыя людзі. Умовы там не самыя лепшыя. Быў перыяд, калі Уладзя трымалі ў падвальнай камеры. Гэта было вельмі жахліва. Падчас рамонту ўсю камеру часова перавялі ў іншую падвальную камеру, дзе ён адразу захварэў.  

Нядаўна Уладзя перавялі ў камеру, дзе ўтрымліваецца 14 чалавек. І яна была такая перапоўненая, што першыя 3-4 дні ён спаў на падлозе, бо не было месца. І ўсім усё роўна, што чалавек хворы".

"Мала дыхае свежым паветрам, не бачыць святла, няма рухаў"

Ва Уладзя Лабковіча за кратамі вельмі псуецца здароўе: пастаянныя галаўныя болі і псуецца зрок. Ён пра гэта піша ў лістах.

"Негледзячы на тое, што мы імкнемся забяспечыць Уладзя лекамі і вітамінамі, у яго вельмі пагаршаецца здароўе. Ён вельмі мала дыхае свежым паветрам, не бачыць святла, няма рухаў. Яны там шпацыруюць у гэтых каменных мяхах [гаворка ідзе пра прагулачны дворык]. Ва Уладзя вельмі пагаршаецца зрок, і ён вельмі нярвуецца праз гэта. Мы яму два разы мянялі акуляры, каб ён мог чытаць і пісаць.

І хваляванні за нас яшчэ... Калі ты адказны толькі за сябе — гэта адзін стан, а калі ёсць крук у выглядзе жонкі, якую трымаюць на кароткім ланцужку, — гэта вельмі моцна ўплывае на псіхалагічны стан чалавека. Таксама ва Уладзя вельмі моцныя галаўныя болі — мігрэні. Да зняволення ў яго такога не было", —  распавядае Ніна.

"Як гэта таты больш за год няма дома, а ён вось праз плот тут" 

Уладзь Лабковіч
Уладзь Лабковіч

На волі Уладзя чакаюць трое дзяцей: 14-гадовая дачка, 9-гадовыя сыны-блізняткі. Паводле Ніны, яны ведаюць, што із бацька за кратамі.

"Самаму малодшаму мы паведамілі пра гэта пазней. Сказалі яму, што кепскія людзі трымаюць тату і не даюць яму прыйсці дадому. Было такое, што дзеці са мной хадзілі на "Валадарку" адносіць яму перадачу. Я не казала ім, што вось яно месца, дзе тата. Я гаварыла, што там знаходзіцца чалавек, які дашле перадачу тату, каб не нерваваць дзетак. Калі ім сказаць, што тата знаходзіцца праз плот, то яны гэта не суааднясуць, як гэта таты больш за год няма дома, а ён вось праз плот тут. Дзеці гэтага не зразумеюць. А старэйшая дачка ведала і разумела ўсё з самага пачатку".

Паводле Ніны, дзеці з татам актыўна лістуюцца, дасылаюць яму малюнкі, нататкі, сухія лісцікі.

"Уладзь пачаў пісаць у СІЗА казку, але потым крыху спыніўся, бо казка мусіць быць вясёлай, а складана быць вясёлым у такіх умовах. Цяжка яму гэта даецца. Цяпер праз лісты вызоўвае дзетак, клапоціцца. Ён заўсёды быў Татам з вялікай літары. Усе ведаюць, што сям'я для яго на першым месцы. Для яго кудысьці схадзіць з дзецьмі было не для птушачкі, а сапраўды важна. І таму цяпер ён імкнецца нават праз лісты даваць ім парады.

Я яму заўсёды падрабязна пішу, якія адзнакі дзеткі атрымалі, што з настаўніцамі, каб ён меў нейкую карціну і разумеў, што адбываецца: якія хобі і цікавасці ў іх з'яўляюцца, хто якое Lego збірае. Каб ён удзельнічаў у выхаваўчым працэсе, як можа".

"Ён хвалюецца: "Няўжо на яго забыліся?"

"Вясна" раней пісала пра праблемы ліставання ва Уладзя з калегамі, знаёмымі і небыякавымі беларусамі. Як адзначае жонка Уладзя, нават ліставанне з сям'ёй адбываецца хвалямі:

"З самага пачатку Уладзю вельмі мала даходзіла лістоў не ад сваякоў. Гэта вельмі тонкая крынічка. Часам ён можа проста напісаць: "Мне дайшоў яшчэ адзін ліст не ад вас з мамай. Ён піша мне і хвалюецца: "Як так, няўжо на яго забыліся?". І мы ў кожным лісце пішам, што вельмі шмат людзей хвалююцца, думаюць і дасылаюць лісты і пасылкі.

Але ў нас хвалямі таксама. Было неяк такое, што цэлы месяц лісты не даходзілі. А лісты Уладзь піша кожны дзень".  

"Для яго вельмі важна было прысутнічаць у кожным дні дзяцей"

Ніна ўвесь час падкрэслівае, што дзеці для Уладзя — гэта ўсё:

"Сям'я, інтарэсы дзетак і мае для яго заўсёды на першым месцы. Мы заўсёды ведалі, што гэта наша плячо. Я заўсёды ведала, што ён мяне падтрымлівае. Уладзь — такі тата-тата, разумееце? Ён сапраўды цікавіўся справамі дзяцей. Для яго вельмі важна было прысутнічаць у кожным дні дзяцей, ведаць, чым ён можа ім дапамагчы, як падтрымаць.

Таксама на першым месцы ў яго — развіццё дзяцей. Наш умоўна старэйшы сын [смяецца, бо хлопчыкі — блізняткі] вельмі любіць пагаварыць пра космас, дызанаўраў, фізіку. І рабіў ён гэта толькі з татам, бо толькі ён вытрымліваў гадзіны размовы пра невядомае і цікавае, адказваць на ўсе пытанні. Уладзь чытаў ім казкі рознымі галасамі, выдумляў на хаду герояў з розных мульцікаў. Дзеці падчас гэтага так заўсёды смяяліся, што я казала, што яны не заснуць пасля гэтых казак. А яны рагочуць на палову кватэры, бо тата вельмі смешна гэта робіць.

Пры гэтым, Уладзь — строгі тата. Ён казаў, што трэба вучыцца, разумець межы, быць адказным чалавекам".

"Маці Уладзя заўсёды сама рабіла торцік"

Жонка Уладзя распавядае, што Дзень народзінаў мужа яны святкавалі вузкім колам сям'і з захаваннем сямейных традыцый:

"Мы ніколі не набывалі торт, таму што маці вось сама прыносіла. Маці Уладзя заўсёды сама рабіла торцік — гэта вельмі важная рэч для яго. А яшчэ ён любіў сам гатаваць. І мне з гэтым было прыемна святкаваць яго Дзень народзінаў [смяецца]. Адзін з самых лепшых Дзён народзінаў Уладзя быў, калі ён апынуўся ў сваім любімым горадзе Рыме".  

Уладзь і Ніна Лабковічы. Фота з сямейнага архіва
Уладзь і Ніна Лабковічы ў Рыме. Фота з сямейнага архіва

Ніна з дзецьмі ўжо даслалі віншаванні Уладзю ў СІЗА-1. Сёлета яны збяруцца дома, каб адзначыць неяк гэты дзень, але "без яго гэта ж не Дзень народзінаў". Сям'я вельмі чакае Уладзя на волі, а Ніна марыць зрабіць яму падарунак на Дзень народзінаў:

"Калі ён вернецца дадому, то павязу яго на Дзень народзінаў у Рым".

"Трэба толькі слова"

Павіншаваць Уладзя можна пасылкамі, лістамі, грашовымі пераводамі і тэлеграмамі. Ніна дае парады, што можна пакласці для мужа ў віншавальную пасылку, але падкрэслівае, што вельмі важна падтрымаць яго словам:

"Там за кратамі ўсім вельмі важна любое слова, якое дае разуменне, што пра цябе думаюць, што цябе не забылі і ты на парадку дня. Бо ты там знаходзішся сам-насам у абмежаваннях. І, калі людзі могуць даслаць паштоўку, то гэта было б вельмі добра. Хаця Уладзь казаў, што ён не хоча адзначаць другі Дзень народзінаў у такіх умовах. Але можна і не віншаваць, а казаць: "Уладзь, мы пра цябе думаем і чакаем!" Гэтага будзе дастаткова.

Там усім вельмі хочацца салодкага і смачнай гарбаты. Уладзь цяпер не п'е каву — гэта яго асабісты зарок. Ён сказаў, што наступную каву пап'е толькі са мной. Уладзь любіць шакалад з гарэхамі і смачную гарбату. Але і гэтага не трэба, трэба толькі слова".

Павіншаваць і падтрымаць Уладзя можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч

"Я не мог уявіць, што, калі старэйшы брат будзе за кратамі, камусьці яго трэба будзе замяніць", – Мікалай Лабковіч

Мікалай Лабковіч распавёў "Вясне", як ён даведаўся пра затрыманне брата і ягонай жонкі 14 ліпеня мінулага году, як жыве сям’я Уладзіміра без яго, з якімі выклікамі сутыкаецца і як можна дапамагчы зняволенаму праваабаронцу і іншым палітвязням.

Крыніца: "Уладзь казаў, што не хоча адзначаць другі Дзень народзінаў у такіх умовах", — Ніна Лабковіч