21 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Гродна агучаны вырак былому працаўніку "Гродна Азота" Эдуарду Ісаеву. Яго асудзілі да 3,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма паводле ч. 2 арт. 367 і ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Дзяржабвінаваўца прасіў пакараць яго большым на паўгода тэрмінам. Справу разгледзеў суддзя Генадзь Мазайла.

Вядома, што яго прызналі вінаватым у тым, што ён паставіў лайк пад пастом з выявай Аляксандра Лукашэнкі ў суполцы "Стоплука" у сацсетцы "Аднакласнікі".

Ісаеў быў затрыманы 25 чэрвеня 2022 года паводле арт. 19.11 КаАП за распаўсюд "экстрэмісцкай" інфармацыі, яго асудзілі на 10 сутак. Пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту яго ўзялі пад варту ўжо паводле крымінальнага артыкула. Дома ў яго засталіся жонка і маленькія дзеці. 

Крыніца: 3,5 года калоніі — за лайк пад пастом з выявай Лукашэнкі