21 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Гродна агучаны вырак жыхару Пінска Паўлу Малітвіку. Мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса і арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама ён мусіць выплаціць пацярпелым кампенсацыю маральнай шкоды: 1000 рублёў — Андрэю Комару, 1500 рублёў — Віктару Казлоўскаму. Яго прызналі вінаватым у тым, што ў траўні 2020 года ён напісаў два каментары, якія абразілі супрацоўнікаў гродзенскай міліцыі. За каментар у бок Казлоўскага дзяржабвінавачанне папрасіла пакараць Малітвіка 1,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі", а за выказванне ў бок Комара — двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Канчатковае пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі атрыманае шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім.
Вядома, што Паўла Малітвіка затрымалі другога верасня 2022 года.
Крыніца: Мужчыну асудзілі да двух гадоў калоніі за два каментары