Згодна з інфармацыяй Праваабарончага цэнтра "Вясна", самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій у Беларусі сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ). Тут сабраная чарговая падборка дыфамацыйых прысудаў, звязаныя з абразай Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, а таксама знявагай дзяржаўнага сцяга.
Дзяржаўныя сімвалы
"Абавязаны паважаць" чырвона-зялёны сцяг
12 ліпеня суд Ленінскага раёна горада горада Магілёва асудзіў студэнта 3-га курсу Артура Вішнявецкага.
Яго абвінавацілі ў "знявазе дзяржаўных сімвалаў", а менавіта чырвона-зялёнага сцяга Беларусі (арт. 370 Крымінальнага кодэкса).
Паводле абвінавачвання, Вішнявецкі 20 траўня 2022 а другой гадзіне ночы, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, падышоў да аднаго з аддзяленняў банка, схапіў сцяг, які там вісеў, і пацягнуў яго долу, "праз што флагшток выпаў з металічнага трымальніка і паваліўся на зямлю". Пасля гэтага студэнт узяў у рукі сцяг і, размахваючы ім, прайшоўся ўздоўж будынка. А пасля кінуў сцяг на зямлю. Такія дзеянні студэнта абвінавачванне ацаніла як адкрытую праяву "абразлівых", "блюзнерскіх" і "грэблівых" адносінаў.
Суддзя Наталля Панасенка адзначыла:
"Вішнявецкі, з'яўляючыся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, абавязаны паважліва ставіцца да сімвалаў Рэспублікі Беларусь".
Сваю віну хлопец прызнаў і адзначыў, што здзейсніў гэтае "злачынства", таму што знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.
У выніку Артура Вішнявецкага асудзілі да арышту на тэрмін у 3 месяцы. Да суда студэнт знаходзіўся пад вартай, таму ў тэрмін ягонага пакарання будзе залічаны тэрмін знаходжання пад вартай з разліку адзін дзень да аднаго.
Прэзідэнт
Абразіў Лукашэнку, але справу спынілі
26 верасня суд Аршанскага раёна спыніў крымінальную справу ў дачыненні да мясцовага жыхара Арцёма Новікава, якога абвінавацілі ў абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК), пад якім лічыцца Аляксандр Лукашэнка.
Суддзя Юлія Вяршыніна палічыла, што ад моманту здзяйснення “злачынства” — напісання каментара 17 жніўня 2020 года — прайшло два гады, а гэта тэрмін даўніны па артыкуле за абразу. Тым больш што абраза не з’яўляецца грамадска небяспечным злачынствам.
Абвінавачаны на суд не з’явіўся, бо працуе за межамі Беларусі.
Лайк пад партрэтам Лукашэнкі
3 кастрычніка, як паведамляе MAYDAY.TEAM, суд Ваўкавыскага раёна разгледзеў крымінальную справу за "абразу прэзідэнта" (арт. 368 КК). Абвінавачаны — Андрэй Дуброўскі, ураджэнец гарадскога пасёлка Краснасельскі.
Як стала вядома MAYDAY TEAM, судзілі Дуброўскага за лайк пад партрэтам Лукашэнкі "з каментаром абразлівага характару" ў адной з груп сацыяльнай сеткі "Аднакласнікі".
Першапачаткова Дуброўскому прызначылі адміністрацыйнае затрыманне 28 ліпеня за лайк пад здымкам з мірных мітынгаў, якія адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Тады рашэннем суда мужчына атрымаў 15 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП.
На працягу гэтага часу Дуброўскаму выставілі абвінавачванне ў абразе прэзідэнта Беларусі. Таму на волю ён выйшаў 15 жніўня з падпіскай аб нявыездзе.
Крымінальную справу ў дачыненні да Дуброўскага разглядаў суддзя Мікалай Талашка. Ён вынес прысуд — 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. Гэта на паўгода менш за тэрмін, які патрабаваў дзяржаўны абвінаваўца.
Былая бібліятэкарка і грамадзянка РФ
7 кастрычніка суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічаў вынес прысуд былой бібліятэкарцы гімназіі № 4 Вікторыі Зянько. Яе абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).
Суддзя Вікторыя Пакунова, якая вяла судовы працэс, у вынесеным пакаранні абмежавалася штрафам у памеры 100 базавых велічынь, што складае 2 900 беларускіх рублёў.
Аднак праз тое, што Зянько мае грамадзянства Расійскай Федэрацыі, а ў Беларусі — толькі від на жыхарства, не выключана, што жанчыну могуць дэпартаваць у Расію.
Прэзідэнт і іншыя прадстаўнікі ўлады
Не толькі “хімія”, але і штраф у 32 000 рублёў
19 верасня суд Заводскага раёна Мінска разгледзеў справу 49-гадовага мінчука Андрэя Жамейкі.
У віну яму ставіліся напісаныя каментары, якія нібыта ўтрымлівалі абразы Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК) і прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК). Згодна з абвінавачваннем, Жамейка пакідаў паведамленні ў інтэрнэце з кастрычніка 2020 года па лістапад 2021 года.
Сваю віну Жамейка прызнаў. У выніку суддзя Алена Капцэвіч асудзіла яго да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) — так званай "хіміі". Таксама мужчына мусіць выплаціць штраф у 100 базавых велічынь (што складае 32 000 беларускіх рублёў). Ягоны мабільны тэлефон суд пастанавіў канфіскаваць.
За лайк пад каментаром — калонія
30 верасня ў судзе Ваўкавыскага раёна быў вынесены прысуд Уладзіміру Сергіенку. Пра гэта паведамляе MAYDAY.TEAM. Мужчыну абвінавацілі ў паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта (ч. 2 арт.367 КК), а таксама ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК)
MAYDAY TEAM высветліў, што Уладзіміра затрымалі 23 чэрвеня ў межах адміністрацыйнай справы. У выніку ён атрымаў 10 сутак арышту — паводле двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях: "Прапаганда ці публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі" (арт. 19.10 КаАП) і "Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць" (19.11 КаАП).
Аднак 3 ліпеня на волю Сергіенка не выйшаў і быў затрыманы яшчэ на 72 гадзіны. У родных атрымалася дазнацца, што 5 ліпеня яму былі выстаўленыя абвінавачванні па крымінальных артыкулах.
Паводле блізкіх Уладзіміра, крымінальную справу распачалі за лайк пад каментарамі, якія былі расцэненыя як тыя, што "абражаюць гонар і годнасць" Аляксандра Лукашэнкі і міністра абароны Віктара Хрэніна.
За гэта 30 верасня Уладзіміру Сергіенку і вынеслі прысуд — 2 гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. На гэты момант мужчына знаходзіцца ў гродзенскім СІЗА і чакае разгляду апеляцыі.
Абразы прадстаўнікоў улады
Калонія і штраф па "справе Зельцэра"
Таксама праваабаронцам вядомыя вынікі судовага разгляду па справе ўжо былога палітзняволенага Віталя Мархуленкі.
Мужчыну затрымалі яшчэ летась за каментар пад відэа аб гібелі Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Яго тады абвінавацілі адразу паводле двух крымінальных артыкулаў — 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці). 7 верасня суддзя Навабеліцкага суда Гомеля Аляксандр Зінчук прызнаў Мархуленку вінаватым па двух інкрымінаваных яму артыкулах і прызначыў яму 1 год і 6 месяцаў папраўчай калоніі з адбыццём пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму і 100 базавых велічынь штрафу.
Вядома, што 29 верасня Мархуленка выйшаў на волю.
Ацаніў дзеянні інспектара ДАІ — атрымаў штраф, пазоў і "хімію"
1 жніўня суд Чэрвенскага раёна разгледзеў справу па абвінавачванні ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Абвінавачаны — Яўген Забаронак, які працуе на мясцовым вытворча-харчовым заводзе.
Паводле абвінавачвання, Забаронак у стане алкагольнага ап'янення з тэлефона іншага чалавека напісаў у адзін з чатаў Вайбера паведамленне на адрас інспектара ДАІ Чэрвенскага РАУС.
У судовым пасяджэнні Забаронак прызнаў сваю віну. А сам "пацярпелы" інспектар ДАІ распавёў на судзе, як на працягу аднаго дня ён двойчы затрымліваў за парушэнне правілаў дарожнага руху мясцовага жыхара — з ім побач быў і Забаронак. У той жа дзень у Вайберы і было апублікавана паведамленне, расцэненае абразлівым.
Таксама інспектар ДАІ заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму ў 2000 беларускіх рублёў. Яго Яўген Забаронак прызнаў.
У выніку суддзя Анатоль Чаркоўскі задаволіў пазоў, а таксама прызначыў мужчыну штраф у 30 базавых велічынь (960 рублёў). Акрамя таго, адправіў Забаронка на адзін год абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.
Два міілцыянты — і "хатняя хімія", і пазоў аб маральных пакутах
19 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёна горада Гродна выне прысуд Натальі Тодрос. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Grodno_grab.
Згодна з абвінавачваннем, жанчына ў кастрычніку 2020 года ў тэлеграм-канале, прызнаным судом экстрэмісцкім, размясціла некалькі каментароў у дачыненні да двух міліцыянтаў (арт. 369 КК). Па ўсёй бачнасці, гаворка ідзе пра двух пружанскіх міліцыянтаў: Сяргея Каляду і Тарасевіча.
Наталля Тодрос на судовымм паседжанні сваю віну прызнала. Стала вядома, што жанчыну ўжо судзілі за падобную справу — 17 ліпеня 2022 года суд Цэнтральнага рана Мінска вынес ёй прысуд. Цяпер жа шляхам паглынання больш строгім прысудам суда Кастрычніцкага раёна Гродна жанчыне прызначылі канчатковае пакаранне — абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам 2 гады і 6 месяцаў (т. зв. “хатняя хімія”). А таксама яна павінна выплаціць кожнаму з міліцыянтыў кампенсацыю іх маральных пакут — агулам 2000 беларускіх рублёў.
Крыніца: Студэнт і былая бібліятэкарка — сарваны сцяг і крыўда Лукашэнкі. Падборка дыфамацыйных прысудаў