У Парыжы 23 кастрычніка адкрылася 41-ая сесія Кангрэсу Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). Віцэ-прэзідэнтам па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі яе з'яўляецца палітзняволены намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч. На гэтую пасаду яго абралі на міжнародным кангрэсе FIDH, які праходзіў на Тайвані ў 2019 годзе. Сёлета Федэрацыя адзначае сваё 100-годдзе. Падчас адкрыцця 41-й сесіі партрэты зняволеных вясноўцаў выставілі ў першым шэрагу, а кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Ілля Нузаў зачытаў зварот Валянціна з-за кратаў.
"Хачу павіншаваць Федэрацыю з Днём народзінаў. Гэта вельмі значная дата для ўсяго сусветнага праваабарончага руху. Федэрацыя — унікальная, бо аб'ядноўвае праваабарончыя арганізацыі з усяго свету. У яе шэрагах людзі розных культур, розных нацыянальнасцяў і рас, але ўсе яны аб'яднаны ідэямі і каштоўнасцямі правоў чалавека. І гэта яскрава дэманструе ўніверсальнасць правоў чалавека.
Роля праваабаронцаў у свеце цяпер асабліва важная, калі свет зноў стаіць перад пагрозай ядзернай катастрофы, упершыню пасля заканчэння халоднай вайны. Тады ў пачатку 90-х мы думалі, што ўжо ніколі не сутыкнемся з гэтай пагрозай, што свет будзе жыць у гармоніі разнастайнасці і міру. Калісьці я казаў сваім калегам у Парыжы, што хутка пачнецца вайна, вайна ў нашым неспакойным і поўным супярэчнасцяў рэгіёне (былым СССР). Многія мне не верылі. Казалі, што цяпер гэта немагчыма. Я ж адчуваў гэтую пагрозу вайны скурай. Цяпер мы павінны зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць гэтую катастрофу.
Асобна хацеў бы падзякаваць сваім братам і сёстрам праваабаронцаў за іх салідарнасць і падтрымку ўсіх пазбаўленых свабоды праваабаронцаў у свеце, і, канешне, мяне асабіста. Праваабарончая салідарнасць — магутная сіла і я веру, што хутка змагу далучыцца да вас, каб разам крочыць па гэтым нялёгкім шляху, да сусветнай гармоніі, любові і міру.
З павагай, ваш Валік".
Таксама на адкрыцці прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і намеснік мэра Парыжа ўзгадалі Праваабарончы цэнтр "Вясна" і яго заснавальніка палітзняволенага Алеся Бяляцкага, які разам з расійскім праваабарончым цэнтрам "Мемарыял" і ўкраінскім "Цэнтрам грамядзянскіх свабод" стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
Ілля Нузаў пра Валянціна Стэфановіча: ”Ён больш падобны да такога рокера, чым да праваабаронцы”
Крыніца: Валянцін Стэфановіч на сесіі FIDH: "Праваабарончая салідарнасць — магутная сіла"