У судзе Цэнтральнага раёна будзе разглядацца адміністрацыйная справа каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля. Яго затрымалі ў Мінску позна вечарам 3 траўня. Да суда актывіст знаходзіўся ў ІЧУ на Акрэсціна.
Сёння тут пачнецца суд і над затрыманым учора лідарам руху «Разам» Вячаславам Сіўчыкам. Яго вінавацяць у парушэнні ч. 3 арт. 23.34 КаАП (паўторны на працягу года ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). У другой палове дня 3 траўня невядомыя ў цывільным выцягнулі актывіста з маршруткі і звезлі ў мікрааўтобусе без нумароў у невядомым кірунку.
Па словах актывісткі Алены Талстой Вячаслава Сіўчыка ўжо прывезлі ў суд Цэнтральнага раёна горада Мінска, але час суду пакуль невядомы.
Справу разглядае суддзя Міхаіл Хома. Вячаслава абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыі салідарнасці з незаконна арыштаваным Мікалаем Статкевічам і іншымі беларускімі палітвязнямі, якая адбывалася 1-га траўня.
Сведка, камандзір аддзялення АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Уладзімір Грыцкоў паведаміў, што бачыў Сіўчыка, які крычаў у мікрафон “Жыве Беларусь” і «Баста”. Прозвішча другога сведкі - Пачценны. Пратакол апытання сведкі ідэнтычны першаму, нават памылкі тыя самыя.
Суддзя Хома прымае рашэнне пакараць Сіўчыка адміністрацыйным арыштам на 15 сутак. У апошнім слове палітык заявіў, што абвяшчае галадоўку.
Пасля суду актывістку Ніну Багінскую, якая разгарнула каля будынку суда плакат, супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі, што могуць абвінаваціць у правядзенні несанкцыянаванага пікета.
Па стане на 14-30 Яўгена Афнагеля яшчэ не даставілі ў суд Цэнтральнага раёна, і дзе ён можа знаходзіцца - невядома. Хутчэй за ўсё актывіста трымаюць а ЦІПе, а суд над ім перанесены на заўтра.
Крыніца: Суды за “Першамай”: Сіўчыку - 15 сутак арышту Дапоўнена