Заява Платформы "Грамадзянская салідарнасць" з нагоды прысуджэння Нобелеўскай прэміі міру 2022 года тром сябрам Платформы 24.10.2022
Удзельнікі міжнароднай Платформы "Грамадзянская салідарнасць" вітаюць прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру 2022 года тром актыўным сябрам нашай кааліцыі — Цэнтру грамадзянскіх свабод (Украіна), "Мемарыялу" (Расія) і Алесю Бяляцкаму, заснавальніку і старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" (Беларусь). Мы сардэчна віншуем нашых лаўрэатаў з заслужаным прызнаннем іх заслуг.
На працягу шматлікіх гадоў дзейнасць Цэнтра грамадзянскіх свабод, "Мемарыяла" і Алеся Бяляцкага разам з ягонымі калегамі па праваабарончым цэнтры "Вясна" накіравана на прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў, сцвярджэнне справядлівасці і абарону правоў чалавека.
Мужнасць і адданасць справе сёлетніх лаўрэатаў, якія працягваюць сваю шматгадовую працу ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій у Беларусі і Расіі і агрэсіўнай вайны супраць Украіны, што здзяйсняецца рэжымам Пуціна пры саўдзеле рэжыму Лукашэнкі, прадэманстравала гатовасць праваабаронцаў насуперак усяму супрацьстаяць спробам незаконна абмежаваць дзейнасць грамадзянскай супольнасці.
Гэтая ўзнагарода з'яўляецца прызнаннем шматгадовай штодзённай і самаадданай працы лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і іх служэння вяршэнству права і ідэалам свабоды. Нашы сябры і калегі — натхняльны прыклад для нас і тысяч іншых людзей ва ўсім свеце.
Мы зычым нашым дарагім партнёрам новых дасягненняў у барацьбе за дэмакратыю, вяршэнства права і правы чалавека і ў нашай агульнай працы па прыцягненні да адказнасці ўсіх вінаватых у парушэннях правоў чалавека, злачынстве агрэсіі, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца ва Украіне.
Міжнародная платформа "Грамадзянская салідарнасць" самым рашучым чынам асуджае дзеянні расійскіх і беларускіх улад па сістэматычным ціску на праваабаронцаў, грамадзянскіх актывістаў і няўрадавыя арганізацыі.
Аўтарытарныя рэжымы Пуціна і Лукашэнкі выкарыстоўваюць пераслед праваабаронцаў і незаконнае абмежаванне дзейнасці грамадзянскіх арганізацый у якасці аднаго з ключавых інструментаў для знішчэння грамадскага кантролю за дзеяннямі ўлад і грамадскай падтрымкі людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій і масавых парушэнняў правоў чалавека. Гэтыя рэжымы стварылі атмасферу страху і пераследуюць кожнага, хто адстойвае каштоўнасці правоў чалавека і асноватворных свабод. Ліквідацыя ўладамі адной з самых старых праваабарончых арганізацый у Расіі, "Мемарыяла", а таксама сотняў няўрадавых арганізацый у Беларусі, у тым ліку праваабарончага цэнтра "Вясна", сведчыць пра экзістэнцыйную пагрозу існаванню грамадзянскай супольнасці ў абедзвюх краінах.
Пасля пачатку шырокамаштабнай ваеннай агрэсіі супраць Украіны сёлета ў лютым маштаб палітычных рэпрэсій у Расіі і Беларусі значна ўзмацніўся. Колькасць людзей, затрыманых за ўдзел у мірных антываенных акцыях ці за тое, што яны іншым спосабам выказалі салідарнасць з Украінай, вымяраецца шматлікімі тысячамі. Сотні чалавек зазналі адміністрацыйны ці крымінальны пераслед за выказванне сваёй антываеннай пазіцыі. Паводле звестак "Мемарыяла", у Расіі сёння налічваецца не менш за 500 палітвязняў. Паводле звестак беларускіх праваабарончых арганізацый, больш за 1300 палітычных зняволеных знаходзіцца ў беларускіх турмах. Закладнікамі Крамля з'яўляюцца тысячы грамадзянскіх асоб, незаконна затрыманых і вывезеных у Расію з тэрыторыі Украіны. Пераважная большасць з іх зазнаюць жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, збіванні і катаванні. Узмацненне палітычных рэпрэсій у Расіі і Беларусі падчас злачыннай ваеннай агрэсіі супраць Украіны яшчэ больш пацвярджае важнасць працы праваабаронцаў і неабходнасць іх падтрымкі і абароны.
У сваю чаргу, праваабаронцы і няўрадавыя арганізацыі ва Украіне сутыкаюцца з беспрэцэндэнтнымі выклікамі, якія зрабіліся вынікам злачыннай ваеннай агрэсіі супраць іх краіны і масавых ваенных злачынстваў падчас гэтай агрэсіі. На плечы ўкраінскіх праваабаронцаў выпала дакументаванне тысяч ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, дапамога мільёнам пацярпелых, праца па інфармаванні сусветнай супольнасці пра тое, што адбываецца ва Украіне, і дзеянні па забеспячэнні правасуддзя і прыцягненні вінаватых да адказнасці. Гэтая самаадданая праца патрабуе прызнання і падтрымкі.
Мы заклікаем кіраўніцтва дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый:
- Распачаць новыя эфектыўныя меры ўздзеяння ў дачыненні да ўлад Расіі і Беларусі за сістэматычнае выкарыстанне рэпрэсіўных мер у адносінах да праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці, няўрадавых арганізацый, журналістаў і за парушэнне правоў людзей, якія мірна і законна выказваюць сваю антываенную і праваабарончую пазіцыю, і патрабаваць ад іх неадкладнай адмены незаконных рашэнняў пра ліквідацыю "Мемарыяла", "Вясны" і іншых няўрадавых арганізацый;
- Патрабаваць неадкладнага вызвалення з-пад варты Алеся Бяляцкага і ўсіх расійскіх і беларускіх палітзняволеных;
- Патрабаваць спыніць практыку пераследу і арыштаў праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў;
- Патрабаваць неадкладнага доступу адвакатаў і міжнародных гуманітарных арганізацый да грамадзянскіх асоб з Украіны, якія былі незаконна затрыманыя і знаходзяцца ў Расіі. Узмацніць ціск на расійскія ўлады з мэтай неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх грамадзянскіх асоб з Украіны, якія незаконна ўтрымліваюцца ў Расіі, і стварэння ўмоў для іх як мага больш хуткага бяспечнага вяртання ва Украіну.
Спіс арганізацый, якія падтрымліваюць заяву:
- Цэнтр Грамадзянскіх Свабод
- Нідэрландскі Хельсінкскі камітэт
- Нарвежскі Хельсінкскі камітэт
- Швейцарскі Хельсінкскі камітэт
- Хельсінкская асацыяцыя па правах чалавека ў Арменіі
- Туркменскі Хельсінкскі Фонд
- Беларускі Хельсінкскі камітэт
- Аўстрыйская Хельсінкская асацыяцыя
- Грамадскае аб'яднанне "Годнасць" ("Қадір-қасиет")
- Грамадская арганізацыя "Пачатак"
- Austausch e.V. (раней ДРА)
- Праваабарончы Цэнтр Азербайджана
- Crude Accountability
- Інстытут маніторынгу правоў чалавека
- Цэнтр па правах чалавека
- Харкаўскі абласны фонд "Грамадская альтэрнатыва"
- Камітэт "Грамадзянскае садзейнічанне"
- Грамадзянскі кантроль
- Праваабарончы цэнтр "Вясна"
- Аб'яднанне "Разам за міжкультурнае ўзаемадзеянне"
- Шведская сетка АБСЕ
- Праваабарончы цэнтр ZMINA
- Казахстанскае міжнароднае бюро па правах чалавека і выкананні законнасці, Рэспубліка Казахстан
- Хельсінкская Грамадзянская Асамблея — Ванадзор
- Праваабарончы рух "Бир Дуйно-Кыргызстан"