Сёння, 24 кастрычніка, у судзе Савецкага раёна Гомеля асудзілі палітзняволенага валанцёра Іллю Міронава, які вядомы тым, што напісаў больш за дзве з паловай тысячы з лістоў салідарнасці ў турмы. Больш за год таму — 30 верасня 2021 года — яго арыштавалі самога, калі адбываліся масавыя затрыманні за каментары па "справе Зельцэра". Сёння суддзя Аляксандр Мохараў асудзіў яго да паўтара года калоніі і 200 базавых штрафа (6400 рублёў) за "дыскрэдытацыя Беларусі" (арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса), піша гомельская "Вясна". Іллю вызвалі ў залі суда, бо ён адбыў увесь тэрмін у следчым ізалятары. Ініцыятыва Іллі "Пішыце лісты" была ў ліку прэтэндэнтаў на перамогу ў Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі "Кампанія/ініцыятыва года-2021".
Спачатку Іллю абвінавачвалі паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), але ў працэсе следства абвінавачанне замянілі на артыкул 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). У чым канкрэтна абвінавацілі палітвязня — пакуль невядома.
Вядома, што за кратамі ў палітвязня пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем.
24 кастрычніка Ілля выйшаў на волю і ўжо пакінуў пост у фэйсбуку для тых, хто за яго хваляваўся і падтрымліваў:
"Я дома, вызвалілі з залы суда! Вялікая падзяка, шчыры дзякуй за падтрымку і дапамогу! 1,5 года лагера + 200 базавых. Ваш Ілля М. Моцна абдымаю, люблю".
Крыніца: Гомельскага валанцёра Іллю Міронава асудзілі да 1,5 года калоніі і вызвалілі ў залі суда