У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-26 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Гомелі ГУБАЗіК затрымаў пенсіянера

64-гадовага Аляксандра Румко падазраюць у «рэабілітацыі нацызму» і «распальванні сацыяльнай варожасці» у «Аднакласніках».

Паблік, блізкі да сілавікоў, напісаў, што Аляксандр «распальваў варожасць у дачыненні да міліцыі» і «гераізаваў калабарацыяністаў».

Верагодна, на Аляксандра Румко завядуць крымінальную справу, піша "Гомельская вясна".

Затрыманне ў Мінску

На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася пакаяльнае відэа з заснавальнікам кампаніі Astronim Багданам Караўцом.

Паводле сілавікоў, мужчына затрыманы за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Кнігі Арлова і Бродскага прызнаныя "экстрэмісцкімі"

У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў з’явіліся новыя фігуранты: дзіцячая кніга «Балада пра маленькi буксiр» нобелеўскага лаўрэата Іосіфа Бродскага, выдадзеная ў выдавецтве «Янушкевiч» у гэтым годзе, і папулярнае выданне «Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi» аўтарства Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава.

Адпаведнае рашэнне прынятае 18 кастрычніка судом Цэнтральнага раёна Менска.

Youtube-канал «Вольны хор» прызнаны "экстрэмісцкім".

Адпаведнае рашэнне прынятае 24 кастрычніка судом Ленінскага раёну Брэста.

Інстаграм-акаўнт «Беларусь на целе» прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі

Улады прызналі інфармацыйную прадукцыю instagram-акаўнта пра татуіроўкі беларусаў — «Беларусь на целе» — «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Адпаведнае рашэнне прынятае Ленінскім судом Брэста 24 кастрычніка. Па інфармацыі брэсцкай «Вясны», рашэнне вынес суддзя Андрэй Канючка.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: У лік "экстрэмісцкіх" трапіла мастацкая літаратура і новыя затрыманні: хроніка пераследу 25-26 кастрычніка