У судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавіч разгледзелі новую справу супраць блогера і прадзюсара Уладзіслава Савіна, якога вясной асудзілі да васьмі гадоў калоніі за "махлярства ў буйным памеры" (ч. 4 арт. 209 КК), а таксама ў арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту (арт. 342 КК). Цяпер яго судзілі па арт. 368 Крымінальнага кодэкса за абразу Лукашэнкі ў апеляцыйнай скарзе на гэты прысуд. Суддзя Вікторыя Пакунова 26 кастрычніка прызначыла яму яшчэ два гады калоніі. Мясцовае дзяржаўнае тэлебачанне здымала ўвесь працэс — нават сведку-сукамерніка з СІЗА-6. "Вясна" распавядае, як праходзіў суд над блогерам Уладзіславам Савіным.  Нагадаем, Уладзіслава абвінавацілі ва ўдзеле ў трох Маршах у 2020 годзе і арганізацыю пратэстаў з дапамогай відэаролікаў на сваёй старонцы Instagram, а таксама тое, што ў 2015-2016 годзе ён, паабяцаўшы больш за 100 чалавекам удзел у першых у Беларусі рэаліці-шоў, не забяспечыў ім гэтага. За гэта яму прызначылі восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Савіна ўжо накіравалі адбываць пакаранне ў калонію, але супраць яго ўзбудзілі новую крымінальную справу.

Уладзіслаў Савін на судзе 25 кастрычніка 2022 года. Скрыншот с відэасюжэта на trkbrest.by
Уладзіслаў Савін на судзе 25 кастрычніка 2022 года. Скрыншот с відэасюжэта на trkbrest.by

Згодна з версіяй абвінавачвання, Савін напрыканцы чэрвеня 2022 года "маючы намер на публічную абразу прэзідэнта, знаходзячыся ў камеры № 49 СІЗА-6, напісаў апеляцыйную скаргу, якая змяшчае непрыстойныя выказванні абразлівага характару ў адносінах да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якое паводле экспертызы мае негатыўную ацэнку прэзідэнта, разлічваючы на азнаямленне з ёй шырокага нявызначанага кола асоб, у тым ліку асоб, якія ўтрымліваюцца з ім у адной камеры пад вартай, супрацоўнікаў СІЗА-6 і Мінскага гарадскога суда". Як заявіла абвінавачванне, ён "падаў апеляцыйную скаргу для агляду і азнаямлення для наступнага накіравання ў Мінскі гарадскі суд, тым самым публічна прынізіў гонар і годнасць Лукашэнкі". Гаворка ідзе пра верш, які так і не агучылі на судзе.

Уладзіслаў віну на працэсе прызнаў цалкам.

savin_sud__1_2022.png
Уладзіслаў Савін на судзе 25 кастрычніка 2022 года. Скрыншот с відэасюжэта на trkbrest.by

Доказамі па справе з'яўляліся сама апеляцыйная скарга, ліст намесніка старшыні Мінскага гарадскога суда начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску, рапарт аб праверцы следчага, заключэнне экспертызы, пратакол месца пратакол месца здарэння, то бок камеры ў СІЗА-6.

Савін адмовіўся ад дачы паказанняў, таму на працэсе агаласілі пратакол допыту ад 14 верасня 2022 года ў івацэвіцкай калоніі, дзе ён адбываў свой тэрмін. Паводле яго, Савін раніцай 23 чэрвеня перадаў апеляцыйную скаргу да накіравання ў Мінскі гарадскі суд праз дзяжурнага СІЗА-6, але ў той дзень яе не перадалі, "бо разумелі, што там абразлівыя выказванні ў адносінах да прэзідэнта". Тады ён таксама прызнаў віну.

На судзе дапыталі дзяжурнага СІЗА-6, які забіраў апеляцыйную скаргу ў Савіна, але ён сказаў, што не чытаў яе. Тое самае заявіў і яшчэ адзін супрацоўнік ізалятара.

У якасці сведкі дапыталі сукамерніка Аляксея, які цяпер адбывае свой тэрмін у магілёўскай калоніі № 15. Пракурор запытаў у яго, што яму вядома пра напісанне апеляцыйнай скаргі.

Сукамернік Аляксей падчас дачы паказанняў. Скрыншот с відэасюжэта на trkbrest.by
Сукамернік Аляксей падчас дачы паказанняў. Скрыншот с відэасюжэта на trkbrest.by

"Ну, сядзеў чалавек і пісаў апеляцыйную скаргу, каб сакраціць тэрмін".

Аляксей сказаў, што не памятае "нічога такога мацернага пра Лукашэнку" ў скарзе Савіна. Аднак паводле пратаколу допыту ў калоніі Аляксей распавёў, што падчас азнаямлення са скаргай свайго сукамерніка Савіна ўбачыў верш, дакладныя выразы якога не памятае, але яго сэнс зводзіўся да таго, што Савін "скардзіўся на прэзідэнта і паказваў Лукашэнку з негатыўнага боку".

"Я казаў Савіну, каб ён прыбраў з тэксту скаргі верш пра Лукашэнку, аднак, ці перапісаў Савін скаргу, ці не мне невядома. Ці паказваў камусьці яшчэ Савін скаргу з сукаменрнікаў, я не ведаю. Пры камунікацыі Савін паказваў, што ён не задаволены дзеяннямі Лукашэнкі", — зачытаў словы Аляксея пракурор.

Сукамернік Савіна на працэсе падцвердзіў гэтыя паканні і сказаў, што ціск пры гэтым на яго не аказваўся. 

Скрыншот с відэасюжэта на trkbrest.by
Скрыншот с відэасюжэта на trkbrest.by

25 кастрычніка пракурор Вадзім Карачун запрасіў для Савіна два гады зняволення. Уладзіславаў выступіў з моцным апошнім словам:

"Калісьці ў 2015 годзе ў мяне быў праект, за які я атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі. Шэсць гадоў пракуратура Мінска не змагла зрабіць з мяне абвінавачанага, але 23 жніўня 2020 года гэтая справа была ўзнята, у гэтым жа годзе з мяне зрабілі абвінавачанага, абвясцілі ў вышук і 30 сакавіка 2022 года я стаў вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса. Я аванцюрнага складу чалавек і аванцюрнага складу розуму. Таму сваю скаргу я пісаў так, як абараняў, абараняю і буду абараняць сябе ў будучыні.

Што тычыцца прэзідэнта, то ў скарзе ўсё пазначана. Вершы я пісаў, бо я сябе лічу паэтам. І мяне многія лічуць паэтам. Вершы я буду пісаць. У вершах я адлюстраваў сваё асабістае меркаванне. Віну я прызнаў, безумоўна, паколькі ўсё было напісана маёй рукой. Калі прысуд суда будзе павялічваць мой тэрмін, гэта, канешне, будзе непрыемна, але я хачу сказаць, што я вынясу гэтае пакаранне. Адзінае, што я хачу папрасіць, паколькі злачынства было здзейснена, калі я яшчэ не быў асуджаны (да ўступлення ў законную сілу) пакінуць мне ўзмоцнены рэжым і вярнуць мяне ў тую калонію, дзе я знаходзіўся, бо ў мяне там рэчы засталіся [калоніі № 22]. Калі не то не.

Калі я быў камандзірам аддзялення роты ганаровай варты, то служыў пры Аляксандры Лукашэнку. Тады я быў яго прыхільнікам, і я б ніколі ў жыцці не падумаў, што такая сітуацыя ў маім жыцці магчымая. Але ў жніўні 2020 года я прыняў рашэнне выказацца ў адносінах таго, што адбываецца. І я лічу тое, што ў маім жыцці цяпер адбываецца і адбылося — гэта вынік майго выбару: маўчаць ці сказаць тое, што я думаю. Я шкадую, калі я абразіў людзей, якія чыталі гэтую скаргу ў СІЗА-6 і калі яна абразіла старшыню суда. Але я хацеў толькі выказаць асабістае меркаванне. І на сённяшні мамент я лічу, калі Лукашэнка выканае сваё абяцанне, што ён гатовы выпусціць людзей на волю, і няхай гэта буду не я, няхай гэта будуць іншыя людзі, з якімі я сядзеў ( у мяне вельмі шмат сяброў сядзіць у калоніях). І калі ён вызваліць гэтых людзей, то я забяру свае словы назад. Я прызнаю віну і раскаюся".

26 кастрычніка суддзя Вікторыя Пакунова прызначыла яму менавіта такі тэрмін, які прасіў пракурор.

Суддзя Вікторыя Пакунова. Скрыншот с відэасюжэта на trkbrest.by
Суддзя Вікторыя Пакунова. Скрыншот с відэасюжэта на trkbrest.by

У выніку частковага складання з папярэднім прысудам Савіну засталося адбываць сем за паловай гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Адрас для падтрымкі: СІЗА-6, 225413, Баранавічы, Брэсцкая, 258 В, Уладзіслаў Сяргеевіч Савін (18.10.1978)

Чытаць пра першы суд над Уладзіславам:

Блогера і прадзюсара Савіна асудзілі да 8 гадоў калоніі за махлярства ў рэаліці-шоў і арганізацыю пратэстаў

У судзе Заводскага раёна Мінска 30 сакавіка пасля чатырох месяцаў судовых разбіральніцтваў агучылі прысуд 43-гадоваму прадзюсару і блогеру Уладзіславу Савіну. 

«Навязваў падпісчыкам Instagram сваё скажонае і аднабокае меркаванне». Блогеру Савіну запрасілі 8 гадоў калоніі

У судзе Заводскага раёна Мінска чатыры месяцы разглядаецца крымінальная справа супраць 43-гадовага прадзюсара і блогера Уладзіслава Савіна. 

Крыніца: Напісаў верш з абразай Лукашэнкі ў апеляцыйнай скарзе. Асуджанаму да 8 гадоў калоніі блогеру прызначылі яшчэ 2 гады зняволення