У судзе Савецкага раёна 22 ліпеня за ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі двух мінчукоў Сяргея Жоглу і Віталя Рыбакова. Суддзя Аляксандр Волк прызнаў іх вінаватымі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначыў два гады і адзін год і восем месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Нядаўна па апеляцыйнаму пратэсту пракурора ў аднаго з іх канфіскавалі аўтамабіль як "сродак здзяйснення злачынства" — ён выкарыстоўваўся для блакіроўкі праезнай часткі падчас акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года.  Згодна з версіяй абвінавачвання, двое жыхароў сталіцы 10 жніўня 2020 года ў вячэрні час, "натхніўшыся заклікамі з дэструктыўных Telegram-каналаў блакаваць транспартныя камунікацыі для цяжкасці перамяшчэння службовых аўтамабіляў органаў унутраных спраў, прыбылі на машыне да скрыжавання праспекта Машэрава і вуліцы Максіма Багдановіча ў Мінску, дзе заблакавалі сваім транспартным сродкам праезную частку". 

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Па дадзеных праваабаронцаў, гаворка ідзе пра Сяргея Жоглу і 35-гадовага Віталя Рыбакова, якіх затрымалі 15 лютага 2022 года. Мінчукі падалі апеляцыйныя скаргі на прысуды ў Мінскі гарадскі суд, дзе адзначылі строгасць пакарання. Але прадстаўнік Генеральнай пракуратуры таксама падаў апеляцыйны пратэст, у якім прасіў канфіскаваць аўтамабіль у аднаго з іх як "сродак здзяйснення злачынства". Судовая калегія не задаволіла апеляцыйную скаргу Жоглы і Рыбакова, але задаволіла пракурорскі пратэст і прымяніла спецыяльную канфіскацыю.

Віталь Рыбакоў
Віталь Рыбакоў

Ці можа падача апеляцыі ўзмацніць прысуд палітвязню? Развенчваем міф

Разбіраемся ў гэтым пытанні з юрыстам “Вясны” Паўлам Сапелкам.

Крыніца: У мінчука канфіскавалі машыну за блакіроўку дарог падчас акцый пратэсту