У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
МУС прызнаў адразу 625 чалавек "экстрэмістамі". Цяпер у адпаведным Спісе амаль 1500 прозвішчаў
МУС 28 кастрычніка абнавіў "Пералік асобаў, датычных да экстрэміскай дзейнасці" – спіс абнавіўся адразу на рэкордныя 625 прозвішчы. Гэта беларусы і грамадзяне іншых дзяржаваў, якія пераследуюцца ці пераследаваліся па "палітычных" крымінальных артыкулах у Беларусі.
Сярод іх цяпер – галоўная рэдактарка газеты "Новы Час"Аксана Колб, асуджаны да 10 гадоў палітзняволены Ягор Міхайлаў, дырэктар студыі вэб-дызайну "Іквадарт" Глеб Койпіш, палітзняволены лекар-неўролаг Аляксандр Цялега, былы палітзняволены айцішнік Аляксей Караткоў (адбыў тэрмін у сакавіку, але МУС пазначыў, што ён адбывае пакаранне), палітзняволеная Дар'я Ляўко, якой прызначана прымусовае лячэнне па арт. 342 КК, былы палітзянволены бяздомны Аляксандр Кутас стваральніца Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіна Лавор, якая адбывае "хатнюю хімію", былы палітвязень Данііл Калеснікаў, якога асудзілі да калоніі ў 17 гадоў, палітзняволены з разумовай адсталасцю Дзмітрый Гопта, былы палітзняволены супрацоўнік БМЗ Аляксандр Баброў, які 16 верасня 2021 года быў памілаваны, але пазначана, што ён адбывае пакаранне.
"Экстрэмісцкім фармаваннем" прызнаны Беларускi полк "Пагоня"
Адпаведнае рашэнне прынятае 20 кастрычніка МУС.
У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — Валеры Цапкала
У рашэнні МУС паведамляецца, што "група грамадзян, аб'яднаных пад агульным кіраўніцтвам Цапкала В.В., у тым ліку праз шэраг Інтэрнет-рэсурсаў, ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць".
Таксама прызнаны "экстрэмісцкім" лагатып у выглядзе "фатаграфічнай выявы Цапкала В.В.".
Сілавікі затрымалі начальніцу юрыдычнага аддзелу сеткі салонаў "НА СВЯЗИ"
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, 26-гадовая Ілона Белавус удзельнічала ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.
На "пакаяльным відэа" дзяўчына свой удзел у масавых мерапрыемствах і выхад на праезную частку адмаўляе.
Інфармацыя дапаўняецца.