У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 31 кастрычніка вынесены прысуд сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Артуру Смалякову, Андрусю Асмалоўскаму і Дзіяне Чарнушынай. Усіх іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўным ўдзеле ў такіх дзеяннях (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вяла суддзя Ала Скуратовіч, дзяржабвінаваўца — старшы памочнік пракурора Аксана Саковіч.
Палітзняволены Артур Смалякоў — сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, быў затрыманы 27 ліпеня 2022 года. Пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту на волю не выйшаў. Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска.
Палітзняволены Андрусь Асмалоўскі — сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, быў затрыманы 29 ліпеня 2022 года. Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска.
Дзіяну Чарнушыну, грамадзянскую жонку Асмалоўскага, таксама затрымалі 29 ліпеня і змясцілі ў СІЗА №1. У яе на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця з інваліднасцю, якога Дзіяна выхоўвала сама.
За ўдзел у "Маршы новай Беларусі" судзяць сябраў АГП
Прадстаўніца дзяржабвінавачання Аксана Саковіч 28 кастрычніка запрасіла для абвінавачаных пазбаўленне волі:
Артуру Смалякову — два гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму;
Дзіяне Чарнушынай — два гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму;
Андрусю Асмалоўскаму — тры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Такі прысуд і быў вынесены суддзёй Алай Скуратовіч 31 кастрычніка.
Крыніца: Трох сябраў АГП — Смалякова, Асмалоўскага і Чарнушыну пакаралі калоніяй за ўдзел у акцыі пратэсту