У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" першага лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У суд перададзена справа "рэйкавага партызана", якому прастрэлілі калені пры затрыманні

Мельніка вінавацяць у тым, што ён падпаліў рэлейную шафу на чыгуначным пераходзе Навасады – Барысаў.

Віталя абвінавачваюць паводле 4 артыкулаў крымінальнага кодэксу: "Акт тэрарызму", "Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатны для эксплуатацыі стан чыгуначных шляхоў зносін у мэтах учынення акту тэрарызму", "Незаконныя набыццё і захоўванне агнястрэльнай зброі", а таксама "Абраза Лукашэнкі".

Затрыманы брат загінулага ва Украіне добраахвотніка Васіля Парфянкова.

У тэлеграм-канале сілавікоў з'явілася “пакаяльнае” відэа з мужчынам, які называе сябе братам загінулага Васіля. На відэа мужчына “прызнаецца”, што быў падпісаны на “экстрэмісцкія” ТГ-каналы.

Што яму інкрымінуецца – пакуль невядома.

Раней супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі маці Васіля і ягонага стрыечнага брата Сяргея, якога адміністрацыйна арыштоўвалі на 15 сутак.

У апошнія дні кастрычніка затрымалі дзесятак жыхароў Мінска

У апошнія дні месяца было затрымана некалькі чалавек у Мінску і іншых гарадах. Па інфармацыі праваабаронцаў, гэта Дзмітрый Кацянкоў, Аляксандр Кулініч, Вадзім Яцына і Сяргей Рабаў (змешчаныя ў ІЧУ на Акрэсціна), Даніл Маркаў, Ганна Музыка, Алена Худыш, Аляксей Савасцюк і Мікалай Рэшчыкаў. Рэшчыкава затрымалі 28 кастрычніка на працы ў Мінску за каментары і асудзілі на 10 сутак арышту.

Больша падрабязнай інфармацыі пра прычыны затрымання пакуль няма.

Палітзняволенага журналіста Юрыя Ганцарэвіча этапавалі ў віцебскую калонію

Брэсцкі абласны суд 14 ліпеня асудзіў журналіста “Intex-press” з Баранавічаў Юрыя Ганцарэвіча, якога абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК). Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе двух гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Па матэрыялах абвінавачання, Ганцарэвіч "2 сакавіка адправіў у бот тэлеграм-канала "Радыё Свабода" экстрэмісцкія матэрыялы, а менавіта — "фотавыявы вайсковай авіятэхнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі аэрадрома 61 знішчальнай авіяцыйнай базы, якая дыслакуецца ў Баранавічах, з подпісам "аэрадром у Баранавічах". За кратамі палітвязня ўтрымліваюць больш за шэсць месяцаў.

Стала вядома, што 1 кастрычніка Юрыя этапавалі ў папраўчую калонію № 3.

Падтрымайце журналіста: ПК № 3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба, Юрый Юр'евіч Ганцарэвіч.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: У суд перададзена справа "рэйкавага партызана", новыя затрыманні: хроніка пераследу 1 лістапада