Суд Першамайскага раёна Мінска 1 лістапада пачалі разглядаць крымінальную справу супраць трох лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Аксаны Аляксеевай, Мікалая Казлова і Антаніны Кавалёвай. Судовы працэс вядзе суддзя Анастасія Кулік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Ірына Зубко. Палітвязняў абвінавачваюць ва ўдзеле ў "Маршы новай Беларусі" ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). "Вясна" распавядае, што адбываецца на першым судовым пасяджэнні. Антаніна Кавалёва, Мікалай Казлоў, Аксана Аляксеева Антаніна Кавалёва, Мікалай Казлоў, Аксана Аляксеева

Что вядома пра абвінавачаных?

Лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі затрымалі 27 ліпеня. Ім прад’явілі абвінавачванні паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Актыўны удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Увесь час іх утрымлівалі ў СІЗА на Валадарскага.

Мікалай Казлоў — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады. З 28 снежня 2021 года адбываў тэрмін у баранавіцкім СІЗА-6. Яго ўтрымлівалі ў камеры аднаго і ў дрэнных умовах. За час зняволення ён атрымаў вымову ад адміністрацыі ізалятара і яго паставілі на прафулік як "схільнага да экстрэмізму". Мікалай цалкам адбыў тэрмін і 26 сакавіка 2022 года выйшаў на волю.

27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП. Паводле начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско, "у жніўні 2020 года ён не толькі браў актыўны ўдзел у масавых бясчынствах на вуліцах Мінска, але і актыўна выкарыстоўваў грамадзян Беларусі ў нізінных мэтах сваіх куратараў. Мікалай Казлоў кіраваў радыкальна настроеным натоўпам, даваў пратэстоўцам указанні, заклікаў блакаваць дарогі і перашкаджаць праезду тэхнікі".

Палітык Анатоль Лябедзька у фэйсбуку паведаміў, што Казлову блакуюць ліставанне — ад яго амаль не даходзяць лісты. Акрамя гэтага, па словах Лябедзькі, палітвязня моцна збілі на Акрэсціна, таму на Валадарку яго прывезлі з «сінімі нагамі».

Лідара АГП Казлова асудзілі да трох месяцаў арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады

У судзе Ленінскага раёна Мінска 6 жніўня да трох месяцаў арышту асудзілі cтаршыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Мікалая Казлова.

Антаніна Кавалёва — юрыстка, скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, пенсіянерка. Мае досвед працы юрысконсульта, натарыуса, галоўнага спецыяліста Міністэрства юстыцыі. У Аб'яднанай грамадзянскай партыі з 2002 года. Працавала ў выканкаме АГП, два гады ўзначальвала Камісію па прававых пытаннях Нацыянальнага камітэта АГП. У 2012 годзе была абраная намесніцай старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Потым сыйшла з гэтай пасады.

Аксана Аляксеева — старшыня Мінскай гарадской арганізацыі АГП. Вядома, што падчас ператрусу сілавікі выбілі дзверы ў кватэру Аляксеевай. Аксана — "сардэчніца", таму ёй увесь час трэба прымаць лекі.

На Акрэсціна Аксана захварэла на каранавірус, пасля чаго яе ўтрымлівалі ў "кавідным" аддзяленні ІЧУ. Праз гэтага доўгі час палітзняволеную не пераводзілі на "Валадарку", а перадачы для яе не прымалі.

Як праходзіць першы дзень суда? 

Палітвязням ставіцца ў віну актыўны ўдзел у нядзельным Маршы ў Мінску 23 жніўня 2020 года — "Марш новай Беларусі".

Паводле абвінавачвання, Казлоў, Кавалёва і Аляксеева, з 14:35 да 20:00 23 жніўня 2020 году, знаходзячыся на праезнай часткі каля праспекту Незалежнасці ў Мінску, у выкананне публічных заклікаў да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных думак і пратэста, вядзенне дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі і якія пацягнулі парушэнне работы транспарта.

Актыўны ўдзел палітвязняў у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выявілася ў тым, што яны "публічна выкрыквалі лозунгі, гучна пляскалі ў далоні, знаходзіліся на праезнай частцы, чым блакіравалі і перашкаджалі руху транспарту ў Мінску, у тым ліку гарадскога пасажырскага транспарта «Мінсктранса»".

Казлоў адзначыў, што абвінавачванне яму незразумела, бо гэта сумесь "дзіўнай логікі і нястрымнай фантазіі".

На пытанне суда, ці прызнае сваю віну, Казлоў адказаў:

"Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым".

Кавалёва прызнала сваю віну часткова, Аляксеева прызнала віну цалкам.

Падчас дачы паказанняў Антаніна і Аксама заявілі, што ў СІЗА ў іх адабралі бутэлькі з вадой, таму на судзе яна папрасіла даць ім вады.

Што кажуць на судзе фігуранты справы?

Першай дапыталі Антаніну Кавалёву. Дзяржаўная абвінаваўца пыталася, якую ідэалогію транслюе Аб’яднаная грамадзянская партыя, і якія мэты спрабуе дасягнуць. Таксама яе цікавала, ці вылучаўся ад партыі чалавек у прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе. Пракурорка распытвала ў абвінавачаных, ці ўдзельнічалі ў выбарах, ці чыталі публікацыі ў "дэструктыўных" каналах і пра стаўленне да сітуацыі ў краіне ў паслявыбарчы перыяд.

Антаніна Кавалёва распавяла, што даўно сыйшла з пасады ўарганізацыі, не сачыла за палітычнай дзейнасцю іншых абвінавачаных. У жніўні 2020 года яна дома чула выбухі на вуліцы і ёй было страшна, але яна не збіралася выказваць свой пратэст супраць гэтага публічна. У той перыяд яна прачытала ў дзяржаўных СМІ, што ў Беларусі плануецца правядзенне дыялогавай пляцаўкі паміж народам і ўладамі. Таму ў дзень, калі яна выйшла на Марш, у яе былі надзеі на тое, што да людзей выйдуць прадстаўнікі ўлады для дыялогу.

"Я падумала, што гэта будзе гістарычны момант, мне хацелася на гэта паглядзець: сабраліся людзі і з ім нехта выйдзе размаўляць".

Па яе словах, ў абвінавачванні пазначана недакладны час, бо яна прыйшла пазней за 14:30 — тады аўтобус не хадзіў, таму ёй прыйшлося ісці пешшу.

"Там было вельмі шмат людзей, я звычайна баюся вялікіх натоўпаў, але там усе людзі такія адкрытыя, таму я вырашыла пайсці па праспекце Незалежнасці".

Па словах Антаніны, міліцыянты не спынялі і не казалі, што яна парушае заканадаўства. Людзі на вуліцах былі вясёлыя і выказвалі пратэст мірна. Сама жанчына была з бел-чырвона-белым сцягам на плячах. Яна растлумачыла, што сцяг сімвалізуе незалежнасць Беларусі ў найноўшай гісторыі. Палітзняволеная ўдзельнічала ў акцыі пратэсту каля 30 хвілінаў і сыйшла адтуль, калі зразумела, што да людзей ніхто не выйдзе размаўляць.

Падчас суда яна распавяла ў якіх умовах яе ўтрымлівалі пасля затрымання:

"Я нічога не ела, у мяне не было пасцельнай бялізны. Я спала на падлозе, на лаўцы, пад лаўкай, пад сталом. Мяне не выводзілі на шпацыр, у мяне не было ручніка, туалетных сродкаў. Таму я сябе дрэнна адчувала і магла проста адключыцца".

Далей суд перайшоў да допыту Аксаны Аляксеевай. Пракурорка адразу спытала, ці ўдзельнічала палітзняволеная ў выбарах прэзідэнта 2020 года. Дзе менавіта планавалася "масавае мерапрыемства" жанчына не ведала.Яна адзначыла, што ў ніколі не сачыла за навінамі ў тэлеграм-канале "Нехта", бо не лічыла тую інфармацыю дакладнай. Аксана пацвердзіла, што ў яе быў з сабою белы сцяг з выявай "Пагоні", рухалася яна па тратуару. Патрабаванняў разыйсціся ад міліцыянтаў яна не чула, толькі тое, каб людзі не выходзілі на праезную частку.

Аксана ўдзельнічала ў Маршы прыкладна паўтары гадзіны. Паводле яе словаў, калі трапляешь у натоўп, выйсці з яго ўжо складана. На праезную частку яна выйшла ўжо пасля таго, як грамадскі транспарт спыніўся. Ніхто з міліцыянтаў не казаў пратэстоўцам, што ўдзел у "масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах" незаконны. І пра тое, што гэта прадугледжвае крымінальную адказнасць, а не адміністрацыйную, Аляксеева даведалася толькі ў 2022 годзе. Потым пракурорка зноў пачала цікавіцца, якую ролю выконвае Аляксеева ў арганізацыі. Але Аксана палічыла пытанне дзіўным і адмовілася ад адказу.

Будзе дапоўнена.

Падтымайце Мікалая, Аксану і Антаніну тэлеграмамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Мікалай Георгіевіч Казлоў

Аксана Васільеўна Аляксеева

Антаніна Кліменцьеўна Кавалёва

Крыніца: У Мінску судзяць лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі