Мінскі абласны суд працягвае разгляд "справы Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі", па справе якой праходзяць адразу пяць чалавек — Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак. Агулам іх судзяць па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку, за тэрарызм. Ім інкрымінуюцца тры эпізоды – спроба падрыва вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расеі ў Вілейцы, замах на прапагандыста Рыгора Азаронка і спроба знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах. 2 лістапада ў судзе дапыталі апошняга фігуранта справы — Дзмітрыя Сасноўскага, які заявіў пра катаванні. Гэта адзіны фігуранта справы, які не прызнаў віну. Сёння судовае следства завяршылася — спрэчкі бакоў прызначылі на 11 лістапада. Справу разглядае сумнавядомы суддзя Сяргей Епіхаў. Ні Азаронак, ні аператыўны супрацоўнік КДБ Аляксей Гардзееў, які быў укаранёны ў АГСБ, у суд сёння не прыйшлі, перадае Sputnik. Аднак былі зачытаныя паказанні Гардзеева. Вядома, што да ўкаранення ў АГСБ ён тры гады працаваў у КДБ. У яго абавязкі ўваходзіў аператыўны збор інфармацыі, якая стварае пагрозу нацбяспецы, уступленне ў кантакты з асобамі, якія збіраюцца здзейсніць акты тэрарызму, а таксама злачынствы, накіраваныя на захоп улады неканстытуцыйным шляхам. Як вынікае з паказанняў Гардзеева, ён завёў акаўнты, праз якія пачаў кантактаваць са структурамі, якія нібыта планавалі здзяйсненне тэрактаў у Беларусі. Уступіў у перапіску з кіраўніком АГСБ і заказчыкам тэрактаў Дзянісам Хромавым/Хофманам (Дзісам).
Па яго словах, гаворка ішла пра выбухі на тэрыторыі Бярэзінскага лясгаса, на расійскай вайсковай базе "Вілейка", а таксама здзяйсненне тэракту ў дачыненні да якога-небудзь беларускага тэлежурналіста. Як вынікае з паказанняў Гардзеева, Хофман паставіў задачу "выкрасці каго-небудзь з беларускіх тэлежурналістаў — Азаронка, Тура або Маркава, вывезці ў лес, прымусіць яго на фоне бчб-сцяга адмовіцца ад падтрымкі Лукашэнкі, потым адрэзаць язык, прыняць меры, каб ён застаўся жывы, зняць усё гэта на відэа і адправіць яго Дзісу".
З паказанняў аператыўніка вынікае, што Дзіс спыніўся на кандыдатуры Азаронка, таму што лічыў, што відэа з Азаронкам, які адракаецца ад сваёй пазіцыі, і з адрэзаным языком стане "трыгерам для грамадства".
Паводле яго слоў, чалавек з нікам "Блэк Джэк" запрасіў 400 даляраў за напад. Паводле паказанняў аператыўніка, у заплечніку, з якім яны прыехалі да дома Азаронка, былі "маскі, пісталет, патроны, электрашокер, скотч, абцугі — каб трымаць язык".
Аператыўнік заявіў, што тэракт у дачыненні да Азаронка здзейсніць не ўдалося з прычыны таго, што яны былі затрыманыя супрацоўнікамі КДБ, а чалавек з нікам "Блэк Джэк" — гэта Дзмітрый Сасноўскі.
Падчас дачы паказанняў у форме вольнага аповеду Сасноўскі плакаў і заявіў, што ў злачынства ў дачыненні да Азаронка яго ўцягнулі падчас следчага эксперыменту. Ён таксама заявіў суду, што пасля затрымання каля дома Азаронка да яго "ўжывалі гвалт і катаванні, прымусілі напісаць чыстасардэчнае прызнанне".
Сасноўскі таксама заявіў суду, што не прызнае сябе вінаватым у падрыхтоўцы злачынства ў дачыненні да Азаронка. Але пры гэтым падрабязна распавёў, як яму прапаноўвалі паўдзельнічаць у выкраданні журналіста. Адказваючы на пытанне пракурора, чаму ён не заявіў у міліцыю аб тым, што ў дачыненні да Азаронка рыхтуецца злачынства, Сасноўскі заявіў, што пабаяўся, што міліцыя пачне яго выкарыстоўваць і адправіць на сустрэчу "з жучкамі".
Дзмітрый катэгарычна адмовіўся ад удзелу ў злачынстве ў дачыненні да Азаронка, пацвердзіўшы, што прапаноўваў сваім змоўшчыкам, каб пацярпелы "сам чыкнуў сабе язык на камеру".
Сасноўскага таксама абвінавачваюць у стварэнні і вядзенні тэлеграм-канала "Гідра", прызнанага экстрэмісцкім. Дзмітрый не прызнаў сябе вінаватым. Ён сказаў, што ў тэлеграм-канале пісаў ілжывыя паведамленні, каб адцягнуць увагу сілавікоў.
Не прызнаў Сасноўскі і абвінавачванняў у незаконным абыходжанні з агнястрэльнай зброяй, а таксама ў тым, што ён распальваў іншую сацыяльную варожасць (арт. 130 КК).
Нагадаем, Дзмітрый — адзіны фігурант справы, які не прызнаў віну. На першым пасяджэнні, калі суд высвятляў яго асобу, ён заявіў, што хоча адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, таму што "не мае дачынення да тэрарызму". Ён падзякаваў сваякоў, якія прыйшлі ў залю суда, каб падтрымаць яго, і заплакаў.
24 кастрычніка суд пачаў вывучаць матэрыялы справы — у сувязі з гэтым некалькі пасяджэнняў зрабілі закрытым. Пра гэта папрасіў пракурор, сказаўшы аб тым, што будуць агалошвацца дакументы пад грыфам "Для службовага карыстання". 2 лістапада суд працягнуўся ў адкрытым рэжыме. Sputnik паведаміў, што сёння завяршылася судовае следства па крымінальнай "справе Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі". Спрэчкі бакоў прызначаныя на 11 лістапада.
У справе 15 тамоў. Следства праводзіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Абвінавачаным пагражаюць вялікія тэрміны зняволення. Усе фігуранты ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ.
Падтрымаць тэлеграмамі, лістамі і пасылкамі іх можна па адрасе:
220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8,
Наталля Сяргееўна Мацвеева,
Дзмітрый Уладзіміравіч Сасноўскі,
Кірыл Раманавіч Ашурак,
Аляксей Уладзіміравіч Глотаў,
Вадзім Мікалаевіч Гулевіч
Падрабязнасці пра справу:
Першы дзень суда па справе "АГСБ"
Другі дзень суда па справе "АГСБ": допыт фігурантаў
Крыніца: Фігурант "справы АГСБ" заявіў пра катаванні і ціск. Наступнае пасяджэнне — спрэчкі бакоў