У судзе Маскоўскага раёна Мінска прызначаная дата суда над тату-майстрам Алегам Фалеем. Яго абвінавачваюць у абразе прадстаўніка паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і хуліганстве (ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс прызначылі на 15 лістапада, суддзя - Сяргей Кацэр.
Алега Фалея затрымалі ў канцы ліпеня 2022 года ў Мінску.
На “пакаяльным відэа”, якое з’явілася на праўладных тэлеграм-каналах, ён кажа, што ў жніўні 2020 года наведаў адзін з пратэсных маршаў, пасля якога ў пад'ездзе пакінуў надпіс “Жыве Беларусь!” 19 ліпеня Алега арыштавалі на 15 сутак.
На пачатку жніўня ён выйшаў на волю, але праз дзень яго выклікалі на “прафілактычную гутарку”. У Маскоўскім РУУСе на яго склалі новы пратакол паводле арт. 19.1 КаАП “дробнае хуліганства”. Нібыта ён “гучна крычаў, нецэнзурна лаяўся, а на заўвагі не рэагаваў”. Алег не прызнаў сваю віну ні на першым судзе, ні на другім.
У выніку, суддзя Таццяна Мотыль арыштавала Фалея на чарговыя 15 сутак, пасля якіх на волю ён не выйшаў.
Па матэрыялах следства, Алег Фалей у жніўні 2020 года нанёс на сцяну ў пад'ездзе жылога дома ў сталіцы надпісы, у якіх выяўлялася непавага да дзяржаўных органаў улады, што следчыя расцанілі як “хуліганства”.
Акрамя гэтага ён пакінуў абразлівыя каментары ў сацыяльнай сетцы Facebook у адрас супрацоўнікаў АУС з мэтай прыніжэння іх гонару і годнасці ў сувязі з выкананнем ўскладзеных на іх службовых абавязкаў.
Судовы працэс будзе праходзіць у адкрытым рэжыме.
Крыніца: У Мінску прызначаная дата суда над тату-майстрам Алегам Фалеем