Юрый Піваварчык і Ігар Случак. Суд Ваўкавыскага раёна вынес прысуд работніку ААТ “Беллакт”, грамадскаму актывісту Юрыю Піваварчыку, якога абвінавацілі ў знявазе дзяржаўных сімвалаў ( арт. 370 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргейка.

З матэрыялаў абвінавачання вынікае, што Юрый Піваварчык у супольнасці «STOP LUKA”, прызнанай “экстрэмісцкімі матэрыяламі” і знаходзіцца ў вольным доступе для іншых карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Інтэрнэт “дзейнічаючы наўмысна, разлічваючы на наступнае ўспрыманне іншымі асобамі інфармацыі, якая размяшчаецца ім, усведамляючы абразлівы характар сваіх дзеянняў у дачыненні да дзяржаўнай сімволікі – дзяржаўнага сцяга, размясціў ягоную выяву на фоне нацысцкай сімволікі (свастыкі), сэнсавым зместам малюнка якога з'яўляецца аўтарскае меркаванне, што ва ўпраўленні Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваецца нацысцкая ідэалогія, што не прымальна з пункту гледжання сучаснай культуры, паколькі ў ім прысутнічаюць элементы скажэння грамадска-палітычнай рэчаіснасці…”

Дапытаны ў судзе абвінавачаны Піваварчык віны сваёй фактычна не прызнаў, ён растлумачыў, што не меў намеру для здзеку над дзяржаўным сцягам, што толькі выпадкова “лайкнуў”.

Напачатку на Піваварчыка завялі адміністрацыйную справу па ч. 2 арт. 19.11 КаАП і пакаралі штрафам, а пазней ўзбудзілі яшчэ і крымінальную справу.

Юрый Піваварчык мае непаўнагадовае дзіця, станоўча характарызуецца, мае шэраг заахвочванняў, і нават у шэрагу выпадку сфатаграфаваны на фоне сцяга Рэспублікі Беларусь.

Суд Ваўкавыскага раёна 5 верасня прызнаў Піваварчыка вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”) тэрмінам на адзін год.

Апеляцыйная скарга на прысуд калегіяй Гарадзенскага абласнога суда 27 кастрычніка пакінутая без задавальнення.

Крыніца: Суд у Ваўкавыску адправіў на "хімію" былога актывіста за знявагу дзяржаўнага сцяга