У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3-4 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Пазбаўлены ліцэнзіі адразу дзесяць адвакатаў
Мінюст правёў кваліфікацыйную камісію па пытаннях адвакацкай дзейнасці, дзе пазбавіў ліцэнзіі 14 адвакатаў, паведамляе прэс-служба Міністэрства юстыцыі.
Уладзіміра Ангельскага, Вікторыю Гулькову, Аляксандра Емяльяненка, Атары Жукава, Міхаіла Макарава і Анастасію Сагановіч Мінюст пазбавіў ліцэнзіі па прычыне "дысцыплінарных спагнанняў і за здзяйсненне правін, несумяшчальных са званнем адваката". Алену Грыбок, Сяргея Кішэнёва і Дзмітрыя Міроненку — з прычыны "недастатковай кваліфікацыі".
Міхаіл Макараў, Анастасія Сагановіч, Вікторыя Гульковабылі затрыманыя 13 верасня. На праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася, што Міхаіл і Анастасія перадавалі"экстрэмісцкім" тэлеграм-каналам персанальныя дадзеныя супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, СК, пракуратуры і суддзяў, якія разглядалі крымінальную справу "Рэвалюцыйнага дзеяння". Затрыманне адвакатаў сілавікі звязвалі з абаронай палітзняволеных актывістаў анархічнага руху. Пасля гэтага трох адвакатаў арыштавалі на 15 сутак, якія яны адбывалі ў ІЧУ на Акрэсціна. Пасля 15-сутачнага арышту Анастасія была адпушчана на волю, падрабязнасці пра яе крымінальны пераслед невядомыя.
Пасля адміністрацыйнага арышту Макараву выставілі абвінавачванне і перавялі ў СІЗА-1, дзе ён знаходзіцца ўжо больш за месяц. Па папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуецца арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.
Жонку Макарава і адвакатку Вікторыю Гулькову, якую таксама пазбавілі ліцэнзіі, яшчэ раз пераарыштоўвалі. Цяпер Вікторыя на волі.
Уладзімір Ангельскі — адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў, у мінулым які супрацоўнічаў з адвакатам Віталём Брагінцам, супраць якога ўзбуджана крымінальная справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. 2 верасня суд Маскоўскага раёна Мінска арыштаваў Ангельскага на 14 сутак за "непадпарадкаванне міліцыі" (артыкул 24.3 КаАП). Цяпер ён таксама на волі.
Мінчуку, якога асудзілі за пагрозу прапагандысту Прыдыбайлу і распальванне варожасці да рускіх, узмацнілі пакаранне. У яго моцныя праблемы са здароўем
2 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна было разгледжана пытанне аб замене "хіміі" Святаславу Лепешаву, асуджанаму за "распальваючыя варожасць" каментары пра рускіх і тэлефонны званок з пагрозамі прапагандысту Канстаціну Прыдыбайлу. Ягоную справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк. Лепешаву ўзмацнілі рэжым і цяпер ён у турме чакае этапу ў калонію.
Праваабаронцам стала вядома, што ў мужчыны пачаліся моцныя праблемы са здароўем. За час знаходжання ў папраўчай установе праз цяжкую працу там, якая яму супрацьпаказаная, у яго пачаў падаць зрок. Акрамя гэтага, пасля затрымання супрацоўнікамі ГУБАЗіКа 28 ліпеня за лайк у фэйсбуку ў 2020 годзе, яго ўдарылі галавой — праз гэта сітуацыя з вачыма пагоршылася. Лекары паставілі яму дыягназ — дыябетычная рынапація, яму пачалі лячэнне лазерам, але ў сувязі з узмацненнем рэжыму яго прыйшлося перарваць. Мужчыне можа пагражаць сляпата і інваліднасць.
Нагадаем, МГС 12 жніўня 2021 года асудзіў 48-гадовага Лепешава да чатырох гадоў "хіміі" за пагрозу забойствам супрацоўніку RT Прыдыбайлу з RT (арт. 186 КК) і распальванне нацыянальнай варожасці ў адносінах да рускіх (арт. 130 КК). Лепешаў убачыў нумар тэлефона Прыдыбайла ў «Чорнай кнізе Беларусі", патэлефанаваў яму і сказаў: «Табе піздз*ц». Падчас суда стала вядома, што ў мэтах бяспекі прапагандыста тады перавезлі ў амбасаду Расіі ў Мінску. Следчыя таксама знайшлі перапіскі Лепешава на парталах «Обсуждай» і «Спрашивай», дзе ён пісаў, напрыклад, такія выразы як «добры маскаль — мёртвы маскаль».
28 ліпеня гэтага года Лепешева затрымлівалі ў Гродне, дзе ён адбываў пакаранне ў гродненскім ПУАТ № 24. Сілавікі апублікавалі "пакаяльнае" відэа з ім.
"Я думаю, што пасля такога залёту неверагоднага, супрацоўнікі ПУАТ выйдуць з хадайніцтвам на замену рэжыму", — пракаментавалі затрыманне аўтары канала. Так і адбылося.
Лепешаў на відэа казаў, што "размяшчаў у фэйсбуку экстрэмісцкія матэрыялы".
Фігуранта "справы Ціханоўскага" Уладзіміра Кнігу чатыры месяцы ўтрымліваюць ў ШІЗА
Пра гэта распавёў палітвязень Сяргей Ціханоўскі, якога нядаўня выпусцілі з ШІЗА пасля двух месяцаў знаходжання там:
«Не знаю, на сколько меня выпустили. Может быть только, чтобы купить туалетные принадлежности и привести себя в порядок. Кроме меня в ужасных условиях в разных учреждениях содержатся и другие беларусы. Здесь в Жодино уже более четырех месяцев сидит в ШИЗО Владимир Книга. Он бывший ОМОНовец из Гродно, который заступился за меня во время задержания в 2020. Он герой!»
Некалькі месяцаў таму Уладзіміру ўзмацнілі рэжым і перавялі ў жодзінскую турму, дзе таксама ўтрымліваюць і Ціханоўскага.
Кніга — былы сілавік, валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай. За кратамі знаходзіцца ўжо 28 месяцаў.
Падтрымайце палітвязняў: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А (Уладзімір Іванавіч Кніга, Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі)
Жыхар Рэчыцы паказаў расійскім вайскоўцам сярэдні палец — яго затрымалі амапаўцы ў поўным абмундзіраванні
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 40-гадовага жыхара Рэчыцы Паўла Гушчы. Паводле іх, мужчына паказаў праязджаючым расійскім вайскоўцам сярэдні палец. За гэта яго прыехалі затрымліваць амапаўцы ў поўным абмундзіраванні.
На "пакаяльным відэа" Паўла прымусілі прасіць прабачэння і сказаць, што ён памыляўся ў тым, што расійскія войскі з Беларусі атакуюць Украіну — на самой справе яны нібыта "ахоўваюць нас".
Паведамляецца, што мужчына арыштаваны на 15 сутак.
Вольга Брыцікава, якая ў траўні выйшла на волю пасля 75 сутак, зноў арыштавана
3 лістапада ў судзе Наваполацкаасудзілі старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву, якую абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). У выніку суддзя Зінаіда Балаболава прызнала Вольгу вінаватай і асудзіла яе да15 сутак арышту, паведамляе @profbelonline.
Нагадаем, актывістку з 27 лютага ўтрымлівалі за кратамі 75 сутак. Над ёй прайшлі пяць судоў, а суддзя Балаболава кожны раз арыштоўвала Вольгу на 15 сутак.
Вольга Брыцікава — старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан». У жніўні 2020 года яна публічна выказала патрабаванні супрацоўнікаў Нафтана, а ў першыя дні вайны запісала відэазварот, у якім выказалася супраць нападу Расеі на Украіну.
У Магілёве затрымалі мясцовага жыхара за падтрымку Украіны ў TikTok
Супрацоўнікі ГУБАЗіку і АМАП проста на вуліцы затрымалі жыхара Магілёва Андрэя Кірпічэнку. У віну мужчыну паставілі тое, што падчас прамых эфіраў у TikTok ён публічна падтрымліваў Украіну і яе войска ў вайне, развязанай Расіяй.
Сілавікі прымусілі мужчыну ў "пакаяльным відэа" сказаць пра тое, што ён цяпер падтрымлівае расійскае войска і прымусілі падпяваць песні "Дзень Перамогі".
Сілавікі разбілі галаву мужчыне за беларускую налепку на аўто
На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася відэа з затрыманнем мужчыны за налепку з нацыянальным сцягам.
Напачатку відэа відаць, што нехта здымае на відэа налепку са знакам BY у нацыянальных колерах. Пасля гэтага ідуць кадры жорсткага затрымання мужчыны — яго брутальна выцягваюць з машыны і кідаюць на асфальт. Увесь гэты працэс здымаецца на відэа. На відэа з допыту мужчыны відаць, што ў яго рассечаны лоб.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманні і пазбаўленне ліцэнзій адвакатаў: хроніка пераследу 3-4 лістапада