У Мінскім гарадскім судзе 24 кастрычніка да чатырох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 35-гадовага палітзняволенага кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева. Яго абвінавацілі ў "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса) за тое, што нібыта блогер Антон Матолька на сваім канале піярыў A1 са жніўня па снежань 2020 года. Хаця тэлеграм-канал "МотолькоПомоги" быў прызнаны "экстрэмісцкім фарміраваннем" толькі 17 сакавіка 2022 года. Пасля затрымання Мікалая ў снежні 2021 года стала вядома, што сілавікі яго збівалі, але не былі вядомыя падрабязнасці. Сукамернік Мікалая з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна (яго імя не раскрываецца ў мэтах бяспекі) распавёў "Вясне", у якім стане Брэдзелеў трапіў у камеру. Мікалай Брэдзелеў з сябрам Аляксеем быў затрыманы 10 снежня 2021 года супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. Яго былы сукамернік распавядае, што Мікалая ў ЦІП прывезлі ўсяго збітага:

Мікалай Брэдзелеў. Фота:
Мікалай Брэдзелеў. Фота: "Наша Ніва"

"У ЦІП ён прыехаў з цалкам фіялетавымі нагамі, збівалі моцна. Мяркуючы па яго стане — прымалі жорстка. Мы — 15-20 чалавек — спалі на падлозе, таму распраналіся да майткоў, бо ацяпленне было на максімуме. Таму ўсе бачылі сінякі Мікалая. Гэта былі прама чорна-фіялетавыя па ўсіх сцёгнах, на целе таксама былі: спіна, бакі. Ніколі не забуду".

Экс-сукамернік Мікалая успамінае, што той не распавядаў падрабязнасці свайго затрымання. Паводле яго, ён нават выказаць здагадку не можа, чым і як трэба было збіваць чалавека, каб утварыліся такія гематомы:

"Калі дубінкай, то трэба вельмі шмат разоў ударыць, каб атрымаць такое суцэльнае заліванне".

Мікалая затрымлівалі з яго сябрам Аляксеем. Яго сукамернік распавядаў "Нашай Ніве", што той таксама быў моцна збіты:

"Мікалая Брэдзелева і яго сябра-адваката Аляксея, як я ведаю, затрымлівалі разам і вельмі жорстка. Іх збілі, у кватэры трушчылі тэхніку. Адвакат быў сінюшны: ногі ў сіняках, паясніца, сіняк пад вокам".

Як адразу паведамлялася ў праўладных тэлеграм-каналах, дзе было апублікавана і "пакаяльнае" відэа з Бределевым, Мікалай нібыта з ліпеня 2020-га перадаваў трэцім асобам інфармацыю, звязаную з яго прафесійнай дзейнасцю (дадзеныя кліентаў А1), але потым у кампаніі заявілі, што Брэдзелеў не меў доступу да дадзеных кліентаў.

"Яго вазілі на допыт з ЦІПа і, як цяпер памятаю, ён прыехаў назад і сказаў, што следчыя прызнаюць, што на яго няма нічога і маўляў "яго падставілі". Ён заўсёды сцвярджаў, што ў яго няма нават доступу да гэтай інфармацыі, у сліве якой яго падазравалі".

Былы сукамернік Мікалая ўзгадвае яго моцныя хваляванні:

"Ён вельмі перажываў, быў настроены песімістычна і ў дэпрэсіі. Пазней акрыяў духам, узяўся за спорт, пачаў шмат чытаць... Але ўсё ж ён спадзяваўся, што яго апраўдаюць".

Адразу Мікалая асудзілі да 15 сутак, а потым прад'явілі абвінавачванне і перавялі ў СІЗА-1. Пасля дзесяці месяцаў пад вартай над Брэдзелевым распачаўся суд, але судзілі яго не па артыкулам за "зліў дадзеных". У Мінскім гарадскім судзе 24 кастрычніка Мікалая асудзілі ды чатырох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі ў "фінансаванні экстрэмісцкага фарміравання" (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса) і апраўдалі па ч. 2 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі) за недаказанасцю віны. Суд над Мікалаем праходзіў у закрытым рэжыме, таму яго падрабязнасці невядомыя.

"Вельмі прыемны, інтэлігентны і шчыры чалавек. Ён вясёлы і актыўны таварыш, майстар гульні ў "Кракадзіла" і "Мафію" — мы на працягу дня бавілі час за рознымі гульнямі", — успамінае час у ЦІП былы сукамернік Мікалая.

Падтрымайце Мікалая лістамі, грашовымі пераводамі, пасылкамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Мікалай Алегавіч Брэдзелеў

bredzeleu_sud.jpeg

Былога прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева асудзілі да 4 гадоў калоніі

"Гэта хлусня. Ніякаму "экстрэмісцкаму фармаванню" і ніякаму "тэрарысту" Матольку Мікалай Брэдзелеў ніякіх грошай не пералічваў", — пракамэнтавалі прысуд Брэдзелеву ў тэлеграм-канале @motolkohelp.

Крыніца: Экс-сукамернік Брэдзелева: "У ЦІП прыехаў з цалкам фіялетавымі нагамі"