У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6-7 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Акадэміі навук затрымалі дацэнта

Затрыманы - дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Сяргей Гаранін.

Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў яго знаёмы. Нядаўна «Наша Ніва» паведаміла пра «зачыстку» КДБ у Акадэміі навук, праз якую прайшлі мінімум 44 супрацоўнікі. Як паведамілі праваабаронцам «Вясны», тры з іх затрымалі, але ў чым іх абвінавачваюць — невядома.

Сяргей Гаранін — намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі».

Арыштаваныя 71-гадовы акадэмік-біёлаг і ягоная жонка

Член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук Алег Давыдзенка і яго жонка Наталля знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна. На іх заведзеная крымінальная справа — мужа і жонку вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх» (арт. 342 КК), паведамляе "Наша Ніва".

Нагодай для пераследу стала фота, на якіх Давыдзенкі стаяць з плакатам падчас пратэстаў 2020 года.

У Мінску дыджэя затрымалі проста падчас выступу

Паведамляецца, што гэта адбылося ў арт-прасторы Hide, піша @belamova.

"Сілавікі ўчора [5 лістапада] ўварваліся на вечарынку. Але затрымалі не дыджэя, а аднаго з адпачывальнікаў, якога яны шукалі. З працаўнікоў установу ніхто затрыманы не быў. Гэта адбылося пад самую раніцу, мы яшчэ самі не ведаем усіх дэталяў», – сказалі @mediazona_by супрацоўнікі Hide.

Трэнера арыштавалі на 10 сутак, пагражаюць крымінальнай справай

Затрыманага 4 лістапада ў Мінску футбольнага трэнера Алега Швайко асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Які артыкул КаАП парушыў трэнер – пакуль невядома.

Знаёмыя Алега папярэдне кажуць аб тым, што супраць Швайко ўзбуджаная крымінальная справа і пасля адбыцца пакарання яго перавядуць у СІЗА №1 на Валадарскага.

ГУБАЗіК разграміў чарговую кватэру — на гэты раз прэс-сакратаркі Палка Каліноўскага Крысціны «Чабор»

Сілавікі раскідалі рэчы, зламалі шафы і канапы, разбілі люстэркі і нават закаткі, што стаялі ў кладоўцы.

Нагадаем, раней ГУБАЗіК публікаваў відэа, на якіх хваліўся, як разграміў кватэры рэдактаркі «Карателей Беларуси» і ютуб-канала «Дзікае паляванне» Яніны Сазановіч, грамадскага дзеяча Вадзіма Пракоп'ева, блогера Андрэя Павука, прадстаўніцы кіберпартызанаў Юльяны Шаметавец.

Инфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманні навукоўцаў, трэнера, дыджэя: хроніка пераследу 6-7 лістапада