У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6-7 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Пасля збіцця і "пакаяльнага" відэа стрыечны брат Васіля Парфянкова пакінуў краіну
Стрыечны брат загінулага ва Украіне байца -“каліноўца” Васіля Парфянкова збег у Польшчу. Сяргей Бандарэнка ўцёк з адной з бальніц Менска, куды трапіў пасля допыту сілавікамі. Пра гэта піша “Беларускае радыё Рацыя”.
Цяпер ён знаходзіцца ў адным з лагераў для ўцекачоў.
28 кастрычніка Сяргей Бандарэнка быў затрыманы ў Заслаўлі, калі быў на дачы бацькоў. У яго тэлефоне загучала ўкраінская мелодыя. Гэта зацікавіла міліцыянтаў, якія прыехалі на дачу да бацкі па іншай нагодзе. Яны ўзялі яго тэлефон і сталі гартаць. Знайшлі відэа пра Васіля Парфянкова і яшчэ некалькі перадач з так званых экстрэмісцкіх каналаў.
Яго затрымалі і змясцілі ў камеру. 29 кастрычніка быў выкліканы ГУБАЗіК. Тыя прыехалі і забралі Сяргея з сабой. У яго ў кішэні былі ключы ад кватэры маці. Там правялі вобшук без санкцыі пракурора. Незадаволенасць выклікала бел-чырвоная коўдра. Але калі ўбачылі, што вытворчасць Індыі, палажылі на места. Знайшлі здымак Сяргея з 2015 года з Адэсы ў майцы з трызубам. Са словамі, дык тут поўная хахлама, Сяргея забралі ў аддзел ГУБАЗіКа. Там збілі, забралі тэлефон для «інфармацыйнага даследавання». Іх моцна цікавіла зброя, якую мог перадаць Васіль з Украіны. Затым мужчыну адвезлі назад у Заслаўль, адкуль павінны былі даставіць у ізалятар на Скарыны. Але ў міліцыі заўважылі, што Сяргею дрэнна і выклікалі хуткую.
Так Сяргей Бандарэнка апынуўся ў бальніцы, паведаміў ён праваабаронцам.
Яго затрымлівалі двойчы, правялі вобшук, забралі тэлефон. Пакуль вядома, што супраць яго ідзе адміністрацыйны працэс за рэпост інфармацыі пра Васіля Парфянкова.
Першы раз Сяргея Бандарэнку арыштавалі на 15 сутак пасля гібелі ва Украіне яго стрыечнага брата Васіля Парфянкова.
У Акадэміі навук затрымалі і асудзілі на 10 сутак дацэнта
Затрыманы - дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Сяргей Гаранін.
Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў яго знаёмы. Нядаўна «Наша Ніва» паведаміла пра «зачыстку» КДБ у Акадэміі навук, праз якую прайшлі мінімум 44 супрацоўнікі. Як паведамілі праваабаронцам «Вясны», тры з іх затрымалі, але ў чым іх абвінавачваюць — невядома.
Сяргей Гаранін — намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі».
Як стала пазней вядома праваабаронцам, Сяргей Гаранін на волі. Ён адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту, папярэдне, па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Арыштаваныя 71-гадовы акадэмік-біёлаг і ягоная жонка
Член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук Алег Давыдзенка і яго жонка Наталля знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна. На іх заведзеная крымінальная справа — мужа і жонку вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх» (арт. 342 КК), паведамляе "Наша Ніва".
Нагодай для пераследу стала фота, на якіх Давыдзенкі стаяць з плакатам падчас пратэстаў 2020 года.
У Мінску дыджэя затрымалі проста падчас выступу
Паведамляецца, што гэта адбылося ў арт-прасторы Hide, піша @belamova.
"Сілавікі ўчора [5 лістапада] ўварваліся на вечарынку. Але затрымалі не дыджэя, а аднаго з адпачывальнікаў, якога яны шукалі. З працаўнікоў установу ніхто затрыманы не быў. Гэта адбылося пад самую раніцу, мы яшчэ самі не ведаем усіх дэталяў», – сказалі @mediazona_by супрацоўнікі Hide.
Трэнера арыштавалі на 10 сутак, пагражаюць крымінальнай справай
Затрыманага 4 лістапада ў Мінску футбольнага трэнера Алега Швайко асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Які артыкул КаАП парушыў трэнер – пакуль невядома.
Знаёмыя Алега папярэдне кажуць аб тым, што супраць Швайко ўзбуджаная крымінальная справа і пасля адбыцца пакарання яго перавядуць у СІЗА №1 на Валадарскага.
ГУБАЗіК разграміў чарговую кватэру — на гэты раз прэс-сакратаркі Палка Каліноўскага Крысціны «Чабор»
Сілавікі раскідалі рэчы, зламалі шафы і канапы, разбілі люстэркі і нават закаткі, што стаялі ў кладоўцы.
Нагадаем, раней ГУБАЗіК публікаваў відэа, на якіх хваліўся, як разграміў кватэры рэдактаркі «Карателей Беларуси» і ютуб-канала «Дзікае паляванне» Яніны Сазановіч, грамадскага дзеяча Вадзіма Пракоп'ева, блогера Андрэя Павука, прадстаўніцы кіберпартызанаў Юльяны Шаметавец.
Сталі вядомыя імёны хлопцаў, якіх затрымалі ў Жлобіне напрыканцы кастрычніка
Таксама праваабаронцы даведаліся, у чым абвінавачваюць маладзёнаў.
Затрыманых завуць Мікалай Дмітрачкоў, Арцём Жураўлёў, Уладзіслаў Мохараў і Лявон Салдаценка. Таксама разам з імі затрымалі і хлопца, якога завуць Андрэй Дудкоў.
Усім юнакам прад'яўленае абвінавачанне паводле арт. 342 ч. 1 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі з блакаваннем транспартнага руху). Імаверна, гаворка вядзецца аб тым, што хлопцы ўдзельнічалі ў мітынгах супраць нячэсных выбараў у 2020 годзе.
Инфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманні навукоўцаў, трэнера, дыджэя: хроніка пераследу 6-7 лістапада Дапоўнена