У Брэсцкім абласным судзе 3 лістапада вынесены прысуд індывідуальнаму прадпрымальніку Сяргею Мацюхевічу, якога абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт 369 Крымінальнага кодэкса) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Руслана Сенько, дзяржабвінавачанне прадтрымліваў пракурор Генадзь Буры.
Напачатку судовага працэсу, 1 лістапада, выйшла неспадзяванка: Сяргея Мацюхевіча да пачатку суда абвінавачвалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса за паведамленні ў Інтэрнэце. Аднак па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса суддзя Сенько вызваліла мужчыну ад пакарання, паколькі па гэтым абвінавачанні выйшлі тэрміны даўніны, паведамляе "Берасцейская вясна".
А вось па ч. 1 арт. 130 КК Сяргея прызналі вінаватым. Як паведаміў пракурор у роліку дзяржСМІ, Мацюхевіча абвінавачвалі ў тым што 15 ліпеня 2020 года пры дапамозе тэлефона і Інтэрнэту ён падахвочваў грамадзян да ўжывання гвалту ў дачыненні да сілавікоў.
Суд прызнаў Сяргея вінаватым і прысудзіў яго да пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Чым вядомы пракурор Буры?
Генадзь Буры прадстаўляў дзяржабвінавачанне на некалькіх гучных палітычных працэсах пасля 2020 года. Так, менавіта ён як пракурор прасіў даць калонію Аляксандру Кардзюкову, сведку забойства Шутава 11 жніўня 2020 года. А самога Генадзя Шутава прасіў прызнаць вінаватым пасмяротна. Суд менавіта такія рашэнні і прыняў.Таксама Генадзь Буры прадстаўляў дзяржабвінавачанне на адным з судоў па «карагоднай справе» (як раз у той дзесятцы абвінавачаных, дзе судзілі мужа і жонкі Лаптановічаў у першы раз, тады Ігару Лаптановічу прысудзілі калонію).