Глеб Гладкоўскі. Фота з сацыяльных сетак. У Мінскім гарадскім судзе 8 лістапада пачнецца разгляд крымінальнай справы прадпрымальніка Глеба Гладкоўскага, якога абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку і за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.

Справу разглядае суддзя Святлана Чарапанава.

Палітзняволены Глеб Гладкоўскі – вядомы ў Беларусі арганізатар кіназдымкаў з паветра квадракоптэрамі, быў затрыманы ў Брэсце 23 верасня 2021 года паводле справы, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Вядома, што Глеб пакінуў паведамленне "Димон ту-ду-ту" (паводле музыкі з фільма "Бумер"). 

Утрымліваўся напачатку ў следчай турме ў Жодзіна, а ў сярэдзіне траўня 2022 года стала вядома аб пераводзе палітвязня ў СІЗА-1.

Вядома, што Глеба Гладкоўскага абвінавачваюць у абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130), у закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 арт. 361) і перашкодзе законнай прафесійнай дзейнасці журналіста (арт. 198).

Пакуль гэта ўся інфармацыя вядомая праваабаронцам аб крымінальным пераследзе Гладкоўскага.

Крыніца:  "Димон ту-ду-ту": у Мінску пачынаюць судзіць прадпрымальніка Глеба Гладкоўскага