У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 8 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, на аўтамабілі якога былі сляды ад налепкі з Пагоняй

Як паведамляюць сілавікі, супрацоўнікі ГУБАЗіК заўважылі аўтамабіль са слядамі адклеенай сімволікі, калі вярталіся «з чарговага ператрусу па экстрэмісцкім дваровым чату». Паводле іх, уладальніка машыны «ўзялі на карандаш».

Затрыманы мужчына ў «пакаяльным» відэа «прызнаецца» ў тым, што на ягоным аўто была налепка ў выглядзе герба «Пагоня», якую ён зняў. Паводле мужчыны, яго затрымалі за «ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах у жніўні ў Мінску».

У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — "Саюз Беларускага Нацыянальнага Шчыта"

Адпаведнае рашэнне было прынятае МУС 1 лістапада.

Па заяве пракуратуры Ленінскага раёна Мінска інфармацыйная прадукцыя Telegrаm-канала "ПРА НАС" прызнаная "экстрэмісцкімі матэрыяламі"

Таксама ў спіс трапілі:

Суполка ва "Укантакце" "ПЛОХИЕ НОВОСТИ БЕЛАРУСЬ";Telegram-каналы "Малейковщизна, Лида", "Молодёжный, Лида";Telegram-чат "Пружанка / Пружанец".

Палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым

Фота

Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя калоніі «Воўчыя норы» ініцыявала ўзмацненне пакарання мастаку Алесю Пушкіну і перавод яго ў турму. Суд па замене рэжыма адбудзецца 11 лістапада ў судзе Івацэвіцкага раёна. Рашэнне будзе прымаць суддзя Аляксандр Кірыловіч, які нядаўна ўзмацніў пакаранне і палітвязню Сцяпану Латыпаву.

Нагадаем, Алеся затрымалі 30 сакавіка 2021 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 370 КК і ч. 3 арт. 130 КК. 25 сакавіка Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар. 30 сакавіка 2022 Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Адміністрацыя калоніі № 22 у жніўні пакарала Пушкіна пяццю месяцамі ў ПКТ.

Падтрымайце мастака лістамі салідарнасці: ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Аляксандру Мікалаевічу Пушкіну

Напісаць анлайн

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы і "фармаванні", затрыманне за нацыянальную сімволіку: хроніка пераследу 8 лістапада