Аляксандр Патапаў. Фотакалаж. У судзе Віцебскага раёна на 10 лістапада прызначаны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 68-гадовага жыхара в. Хатоля Віцебскага раёна палітвязня Аляксандра Патапава. Мужчыну абвінавачваюць у абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).

Судовы працэс пройдзе ў закрытым рэжыме, суддзя – Наталля Траццякова.

Палітзняволены Аляксандр Патапаў быў затрыманы міліцыяй  25 жніўня 2022 года і ўзяты пад варту па падазрэнні ў абразе Лукашэнкі праз каментары ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”. Раней Аляксандра ўжо затрымлівалі ў межах адміністратыўнай справы, тады яму прызначылі штраф.

Цяпер Патапаў утрымліваецца ў Віцебскім абласным следчым ізалятары №2 і мае патрэбу ў маральнай падтрымцы і матэрыяльнай дапамозе. 

Падтрымайце палітвязня лістом альбо паштоўкай: СІЗА-2, вул. Гагарына, 2, 210026 г. Віцебск, Аляксандру Фёдаравічу Патапаву.

Крыніца: Палітвязня Аляксандра Патапава пачнуць судзіць у Віцебску за абразу прэзідэнта