Ілля Ягораў — фігурант знакамітай "справы карагодаў". У Брэсце распачалі крымінальную справу паводле падзеяў 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы танчылі карагоды на праезнай частцы, а іх разагнаў вадамёт. Ілля здымаў тое, што адбывалася, на тэлефон, таму праз паўгода яго затрымалі. Ён правёў у зняволенні шэсць месяцаў, пасля чаго яго асудзілі разам з шостай партыяй палітвязняў па гэтай справе на два з паловай гады "хіміі". Праз два месяцы ён пакінуў краіну. Ілля распавёў "Вясне" пра падзеі дня, калі яго затрымалі, умовы ўтрымання ў ІЧУ і СІЗА, а таксама пра тое, чаму ён плануе вярнуцца ў Беларусь.
Затрыманне пасля карагодаў
У 2020 годзе Ілля перыядычна ўдзельнічаў у мірных пратэстах, таму, калі 13 верасня пабачыў вялікі натоўп людзей на вуліцы Савецкай ў Брэсце, вырашыў да іх далучыцца. Калі пратэстоўцы дайшлі да скрыжавання з Машэрава, усе спыніліся і, пачуўшы музыку, пачалі танчыць карагоды. Ілля стаў убаку каля пешаходнага пераходу і пачаў здымаць усё на тэлефон. Праз паўгода — 24 сакавіка 2021 года — да яго прыйшлі на здымную кватэру.
— Я выйшаў у паліклініку здаць аналізы пасля самаізаляцыі ад ковіду — і людзі ў цывільным адзенні ўзялі мяне пад рукі, — успамінае Ілля. — Хутка паказалі нейкія дакументы — я нават не змог іх разгледзець — заламалі рукі і наперад галавой пасадзілі ў машыну без апазнавальных знакаў. Адразу яны забралі дакументы і сказалі, што ўсё растлумачаць у аддзяленні.
Калі ў РУУС Ілля сказаў, што нічога не ведае пра карагоды, яму паказалі відэа, дзе ён стаіць на скрыжаванні. Пасля гэтага хлопца ўжо не выпусцілі: дапыталі спачатку ў Следчым камітэце, потым — у ІЧУ. У ізалятары на Іллю ціснулі маральна: пагражалі, што пасадзяць дзяўчыну і брата, на што хлопец параіў супрацоўнікам міліцыі спярша знайсці для гэтага нагоду.
У Брэсце абвясцілі прысуды шостай партыі па "справе карагодаў"
Мышы на падлозе і цвіль на каўбасе
Знаходзячыся ў ІЧУ, Ілля думаў, што сапраўды можа выйсці праз тры дні. Хаця там было цяжка маральна, ціснулі жоўтага колеру сцены, як быццам з псіхічнай лякарні, біла па вачах яркае святло — але фізічна ўсё было не так дрэнна. Тады ў "палітычных" яшчэ не забіралі матрацы, іх не будзілі ўначы.
— Але была татальная антысанітарыя, — узгадвае хлопец. — Ва ўсіх мышкі бегалі па вокнах, а ў нашай камеры — яшчэ і па падлозе. Але мы забаўляліся з імі — больш асабліва заняцца там не было чым. Калі я ў старшага папрасіў кніжку, ён адказаў, што прынясе мне Крымінальны кодэкс. Я кажу: "Давайце хаця б яго". А ён у адказ — "Можа, табе яшчэ і казку на ноч прачытаць?" Тады я спытаў, ці можна, і атрымаў па нырцы. Было не балюча, але непрыемна. Калі мяне ўжо пераводзілі ў СІЗА, медык апытвала мяне наконт стану здароўя і сказала: "Калі што, табе тут нічога не баліць", — маўляў, гэта лішні "гемарой" і паперы ёй.
Пасля сутак у ІЧУ Іллю перавялі ў СІЗА-7, дзе ён правёў пяць з паловай месяцаў. Першыя пару дзён хлопец пачуваўся нармальна, але, калі атрымаў ліст ад дзяўчыны ў канверце, а не па тэлефоне, зразумеў, што ён тут надоўга. Ежа ў СІЗА была лепшая, чым у ІЧУ: праз пару месяцаў яна наогул пачала здавацца здаровай і смачнай, за выключэннем выпадкаў, калі прыносілі зацвілую каўбасу.
— Тады ўся камера адмаўлялася ад ежы, — кажа Ілля. — Мы скардзіліся на гэта, маглі нават дзеля паказухі камусьці выгаварыць, але наступным разам ізноў прынесці каўбасу з плямамі. Мы спрабавалі нават пісаць лісты са скаргамі на ўтрыманне ў вышэйшае кіраўніцтва — але я ўпэўнены, яны не выходзілі з СІЗА. Часткова праблемы можна было вырашыць, калі дагрукацца да начальніка. Напрыклад, у дзень, калі мы распавялі, што цэнзар трымае лісты даўжэй за належныя тры дні, кожнаму з камеры прыйшоў пачак лістоў.
Калі ўвечары прыходзілі лісты, у камеры гэта быў асаблівы час, таму што найлепшым заняткам там было прачытаць ці напісаць гісторыі. Хлопец кажа, што лісты з волі вельмі дапамагаюць і падтрымліваюць: ты разумееш, што пра цябе памятаюць і не кідаюць у бядзе. Цяпер ён сам час ад часу піша палітвязням. Ён раіць апісваць самыя элементарныя рэчы, аж да сёлетняга ўраджаю.
Як фліртаваць у СІЗА
Людзі ў камеры намагаюцца падтрымліваць адзін аднаго, незалежна ад таго, палітычны ты ці не, распавядае Ілля. У няспынным псіхалагічным напружанні паміж чатырох сцен паўстаюць канфлікты, але часцей за ўсё іх атрымліваецца вырашыць гутаркамі за гарбатай і кавай. Непалітычныя таксама падтрымлівалі палітычных, бо ў шмат каго з іх — свае крыўды на ўладу. Некаторым даводзілася тлумачыць, чаму людзі выходзілі ў 2020 годзе.
— Нават шмат хто з работнікаў СІЗА насамрэч нас падтрымліваюць, — упэўнены былы палітвязень. — Не ўсе прызнаюцца ў гэтым, але з некаторымі ў мяне атрымалася разгаварыцца. І тады яны затулялі камеры на грудзях і прызнаваліся, што і самі не разумелі, за што нас судзяць, і наракалі на свае пазыкі перад дзяржавай, праз якія яны не могуць сысці з працы. Сярод "прадольных" ёсць шмат зусім маладых дзяўчын — да 25 гадоў. З імі часам можна было пагутарыць. Дзяўчатам скажаш пару слоў — і яны ўжо добрыя. Я нават пісаў вершы і маляваў малюнкі на бланках атаваркі жанчыне, якая прыносіла нам прадукты: у нас з ёй было амаль каханне. Я нават шакаладкі ёй дарыў: я замаўляў, як быццам сабе, а калі яна прыносіла, прасіў забраць самой. Але потым мая дзяўчына прыйшла ў краму пры СІЗА мне па цыгарэты — і пасля гэтага жанчына пакрыўдзілася і больш не прымала мае вершы і малюнкі.
Акрамя размоваў, у СІЗА можна было чытаць кнігі і бавіць час за настольнымі гульнямі. У камеры былі шашкі і шахматы, а ў покер зняволеныя гулялі на даміно і кубіках, таму што карты як азартную гульню там нельга было трымаць.
Лячэнне зубоў і раненай патыліцы ў ізалятары
Праз умовы ўтрымання ў СІЗА ў Іллі з’явілася некалькі праблем са здароўем. Аднойчы яго перавялі ў падвальную камеру, у якіх наогул нельга было ўтрымоўваць зняволеных. Акно ў камеры выходзіла ў запасны калідор, а выцяжка — у прадольны калідор. Зняволеныя скручвалі газету ў трубачку, каб з яе дапамогай адчыняць дзверцы і дыхаць. У камеры ўвесь час была высокая вільготнасць і сырасць. Таму, калі Ілля пагаліў сабе галаву і парэзаў патыліцу, рана пачала разрастацца і гніць. Маладзён тыдзень прасіў дапамагчы, але яму давалі толькі зялёнку ці ёд. Калі зрабілася зусім дрэнна, ён усё ж дамогся, каб яму далі нейкую кіслату, якая ў выніку вырашыла праблему.
— А калі ў мяне паднялася высокая тэмпература, мне ўкалолі "трайчатку" ў санчастцы, паставілі ў "стакан" чакаць канваіра і забыліся там, — прыгадвае Ілля. — Я прастаяў там паўтары гадзіны, у мяне падкошваліся ногі і хіліла ў сон. Калі б там была магчымасць варушыцца, я б проста зваліўся на падлогу. У выніку я дагрукаўся да медыка, які аблаяў канваіраў за тое, што на мяне забыліся. Затое тады тыдзень я правёў у асобнай камеры.
Праз недахоп кальцыя ў Іллі пачаліся праблемы з зубамі, але, каб табе далі абязбольвальнае, трэба было даказаць, што табе штосьці баліць.
— Калі я нарэшце трапіў да стаматолага, ён проста прасвідраваў мне зуб і сказаў, што далей лячыць не будзе, — кажа былы палітвязень. — Маўляў, план лячэння доўгі, а калі мяне заўтра перавядуць у іншае месца, то яму не залічыцца праца. Чуў, ён неўзабаве памёр ад ковіду. Калі мне забалеў другі зуб, пасля доўгіх пакутаў мяне пад канвоем вывезлі ў звычайную вольную стаматалогію. Я быў вельмі шчаслівы ў той дзень: упершыню за доўгі час адчуў свежае паветра, ехаў у аўтазаку і праз краты назіраў квітнеючыя дрэвы, сонейка. Потым два дні распавядаў хлопцам, як я ехаў па свабодзе і што бачыў. Тады я зразумеў, што свабода — гэта галоўнае, і нават цяпер я жыву адным днём і атрымліваю асалоду ад яго.
"Цырк, а не суд"
Шостую партыю "карагоднікаў" судзілі цэлых дзесяць пасяджэнняў. Іллю прысудзілі два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ ("хіміі") — шляхам частковага складання пакаранняў паводле двух артыкулаў. Два гады "хіміі" — паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, за ўдзел у карагодах. І яшчэ два гады "хіміі" — паводле арт. 339 Крымінальнага кодэкса: пакуль Ілля сядзеў у СІЗА, ягоны знаёмы прагаварыўся супрацоўнікам міліцыі, што яны разам малявалі на фасадах будынка пратэсныя надпісы і сімволіку.
— Гэта быў не суд, а цырк, — падсумоўвае Ілля. — Суддзя ўвесь час сядзеў, апусціўшы галаву долу — ці то маляваў, ці то яшчэ што. Адвакаты вельмі добра нас абаранялі, а тым часам пракуроры толькі пераглядаліся паміж сабой і ўсміхаліся. У нас было адчуванне, што яны і суддзя ўвечары проста раскідваюць косткі, каму колькі даць — незразумела, навошта столькі пасяджэнняў гэта было цягнуць. Ніхто з 8-10 сведак не меў прэтэнзій, некаторыя з іх не разумелі, навошта іх выклікаць дзеля аднолькавых пытанняў.
У выніку Іллю асудзілі да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем і вызвалілі з залы суда. Праз два месяцы ён пакінуў Беларусь. Першапачаткова ён не думаў з'язджаць, але знаёмыя, якія ўжо былі на "хіміі", даслалі яму паведамленне, у якім аргументавана параілі не прыязджаць у ПУАТ. Ілля прыслухаўся і з'ехаў з краіны.
— Цяпер я працую ў замежжы, атрымаў тут дакументы і здымаю жыллё, — кажа хлопец. — Але ўсё адно ёсць настальгія па радзіме, я чакаю вяртання. Бо ў гасцях добра, а дома лепш. Я ўпэўнены, што з дапамогай людзей, якія некалькі гадоў пражылі за межамі, Беларусь будзе прасцей падняць з каленаў. Гэта наша краіна, мы таксама павінны там жыць. За што ж тады мы змагаліся, калі цяпер усе з'ехалі, а вярнуцца не хочуць?
Крыніца: Палітвязень Ілля Ягораў: "У СІЗА атрымаў па нырцы, калі папрасіў кніжку"