У судзе Маскоўскага раёна Мінска 8 лістапада асудзілі палітзняволенага хрысціяніна, служыцеля мінскай царквы хрысціянаў веры евангельскай "Гефсіманія" Максіма Стасілевіча. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначылі два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Прысуд вынесла суддзя Таццяна Пірожнікава. Пасля трох месяцаў у СІЗА Максім выйшаў на волю. 

Затрымалі мінчука Максіма Стасілевіча раніцай 21 ліпеня разам са сваім шваграм Яўгенам Барысікам. Падчас затрымання ў іх былі канфіскаваны пакункі ўлётак "Малітва за Беларусь", якія ўтрымліваюць заклік маліцца за краіну і народ "у гэты няпросты час", цытаты з Евангелля і евангельскі гімн "Чакаем цябе, наш Ісус".

На наступны дзень вернікам прызначылі па 10 сутак арышту кожнаму. Максіму — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП), Яўгену — за дробнае хуліганства (арт. 19.1 КаАП). Сілавікі ўзламалі тэлеграм Максіма. Судзіла іх суддзя Таццяна Мотыль. Пасля "сутак" Максіму Стасілевічу прад'явілі абвінавачванне і перавялі ў СІЗА-1.

Крыніца: Палітзняволенага верніка асудзілі да 2,5 гадоў "хатняй хіміі" па "народным артыкуле"