У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9-10 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
МУС унесла ў нацысцкі спіс вокліч "Жыве Беларусь", які "суправаджаецца ўзняццем правай рукі з выпрастанай далонню"
Міністэрства ўнутраных спраў пастановай вызначыла пералік нацысцкай сімволікі і нацысцкіх арганізацый для закона "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму".
Ён складаецца з 52 пунктаў — сярод іх вокліч, які "суправаджаўся ўзняццем правай рукі з выпрастанай далонню "Жыве Беларусь" і адказ "Жыве".
Сілавікі затрымалі пяць меркаваных арганізатараў "Саюза Беларускага Нацыянальнага Шчыта"
Паводле ГУБАЗіКа, затрыманыя «вялі актыўную экстрэмісцкую дзейнасць у кожным рэгіёне, абмяркоўвалі і планавалі дыверсіі і тэракты, у тым ліку на чыгуначнай дарозе і з выкарыстаннем "кактэйляў Молатава"».
Таксама яны нібыта маюць дачыненне да шэрагу падпалаў, у тым ліку рамкі BelToll у раёне Сеніцы больш за месяц таму.
Адзначым, што 8 лістапада стала вядома, што "Саюз Беларускага Нацыянальнага Шчыта" быў прызнаны "экстрэмісцкім фарміраваннем".
Жыхара Воршы Андрэя Рускіх дэпартуюць з Расіі
Санкт-Пецярбургскі гарадскі суд 9 лістапада задаволіў запыт беларускага боку на экстрадыцыю жыхара Воршы Андрэя Рускіх. Мужчына быў у федэральным вышуку за камэнтары ў сацсетках — папярэдне, яму інкрымінуюць абразу Лукашэнкі.
Андрэй — псіхолаг-сэксолаг, псіхатэрапеўт, трэнэр у сфэры трывожных-фабічных і сэксуальных разладаў, якія маюць псіхалагічную аснову. Ён аўтар некалькіх кніг па практычнай псіхалогіі, таксама ён вядзе сайт і старонкі ў сацсетках, дзе публікуе парады па розных псіхалягічных праблемах.
Фігуранту "справы Ціханоўскага" Арцёму Сакаву збіраюцца ўзмацніць рэжым
9 лістапада ў судзе Шклоўскага раёна будзе разглядацца справа аб узмацненні рэжыму палітвязню і пераводзе яго на турэмны рэжым. Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі 19 жніўня змясціла Арцёма ў ПКТ тэрмінам на чатыры месяцы.
Арцём — былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-каналу «Страна для жизни». Яго абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. 14 снежня ў Гомелі Арцёму прысудзілі 16 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па "справе Ціханоўскага".
Нядаўна суд пастанавіў, што ўсе фігуранты павінны выплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі "супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў".
Падтрымайце палітвязня: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Арцём Мікалаевіч Сакаў
ГУБАЗіК разграміў кватэру мужа прэс-сакратаркі Палка Каліноўскага Крысціны "Чабор"
На мінулым тыдні сілавікі пахваліліся тым, як разграмілі кватэру самой Крысціны.
Нагадаем, раней ГУБАЗіК публікаваў відэа, на якіх хваліўся, як разграміў кватэры рэдактаркі «Карателей Беларуси» і ютуб-канала «Дзікае паляванне» Яніны Сазановіч, грамадскага дзеяча Вадзіма Пракоп'ева, блогера Андрэя Павука, прадстаўніцы кіберпартызанаў Юльяны Шаметавец.
Палітвязню Дзянісу Барсукову хочуць змяніць рэжым пакарання
У красавіку Дзяніса Барсукова ў Рэчыцы асудзілі за абразу Лукашэнкі ў роліку двухгадовай даўніны на ягоным канале на YouTube. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 КК і прызначылі яму два гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Барсукова ўзялі пад варту ў залі суда.
Тэрмін палітвязень адбываў у папраўчай калоніі № 9 у Горках. Учора ў судзе Горацкага раёна адбыўся разгляд справы аб "пераводзе палітвязня ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму". Меркавана, яго хочуць перавесці на турэмны рэжым, але вынік невядомы.
Па дадзеных праваабаронцаў, за апошні год як мінімум 34 палітзняволеных перавялі ў турму, і супраць яшчэ 16 распачалі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК.
Мінскія ўлады адмовілі вернікам Чырвонага касцёла на просьбу маліцца ў касцёле або каля яго.
Каталікі прасілі дазволіць ім збірацца хаця б у зашклёнай галерэі ўнутры святыні або ва ўнутраным дворыку храма на вуліцы. Менгарвыканкам адмовіў, патлумачыўшы гэта «неабходнымі мерапрыемствамі» у сувязі з пажарам у касцёле, піша "Радыё Свабода".
Чыноўнікі таксама нагадалі, што збор людзей на вуліцы будзе расцэнены як «масавае мерапрыемства», а без дазволу ў Беларусі збірацца нельга.
Інфармацыя дапаўняецца.