Мінскі абласны суд 11 лістапада працягвае разгляд "справы Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі", па справе якой праходзяць адразу пяць чалавек — Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак. Агулам іх судзяць па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку, за тэрарызм. Ім інкрымінуюцца тры эпізоды – спроба падрыва вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расіі ў Вілейцы, замах на прапагандыста Рыгора Азаронка і спроба знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах. Справу разглядае сумнавядомы суддзя Сяргей Епіхаў. Сёння мусілі адбыцца спрэчкі бакоў, але раптоўна ў закрытым рэжыме дапыталі інжынера вайсковай часткі ў Вілейцы і абвясцілі перапынак, каб пракурор падрыхтаваў новае абвінавачванне адзінаму фігуранту, які не прызнаў віну па справе, – Дзмітрыю Сасноўскаму. У судзе абвешчаны перапынак. Раней паведамлялася, што сёння мусяць адбыцца спрэчкі бакоў па справе, але ў суд раптоўна выклікалі інжынера расійскай вайсковай часткі "Вілейка", дзе планаваліся выбухі, перадае Sputnik. Пракурор у самым пачатку спытаў, ці складае дзяржаўную тайну інфармацыя аб вайсковай частцы, на што інжынер адказаў, што часткова з'яўляецца. Пасля гэтага працэс часова закрылі – інжынера дапыталі ў закрытым рэжыме ў якасці грамадзянскага істца. Закрытае судовае пасяджэнне доўжылася не больш за 10 хвілін, пасля чаго суд адкрылі, а пракурор заявіў, што будзе прад'яўляць новае абвінавачванне аднаму з абвінавачаных – Дзмітрыю Сасноўскаму. Ён папрасіў у суда невялікі перапынак, каб напісаць новае абвінавачванне, адзначыўшы, што на гэта яму будзе дастаткова 40 хвілін.
Інфармацыя дапаўняецца.
У справе 15 тамоў. Следства праводзіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Абвінавачаным пагражаюць вялікія тэрміны зняволення. Усе фігуранты ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ.
Падтрымаць тэлеграмамі, лістамі і пасылкамі іх можна па адрасе:
220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8
Наталля Сяргееўна Мацвеева,
Дзмітрый Уладзіміравіч Сасноўскі,
Кірыл Раманавіч Ашурак,
Аляксей Уладзіміравіч Глотаў,
Вадзім Мікалаевіч Гулевіч
Падрабязнасці пра справу:
Першы дзень суда па "справе АГСБ"
Другі дзень суда па "справе АГСБ": допыт фігурантаў
Фігурант "справы АГСБ" заявіў пра катаванні і ціск. Наступнае пасяджэнне — спрэчкі бакоў
Крыніца: Суд па "справе АГСБ": пракурор перапісвае абвінавачванне Дзмітрыю Сасноўскаму Дапоўнена