10 лістапада 2022 у судзе Слонімскага раёна асудзілі 72-гадовага мясцовага жыхара і актывіста Барыса Кучынскага — тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Падчас судовага працэсу мужчына скардзіўся на дрэнны слых і маленькую пенсію, «пацярпелы» міліцыянт казаў пра «ОПГ Автуховича», а суддзя цікавіўся, ці чытае абвінавачаны такія telegram-каналы, у якіх добра апісваецца дзяржава. «Вясна» распавядае, як праходзіў судовы працэс над Барысам. Барыса Кучынскага абвінавацілі адразу ў двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыццм і персанальных дадзеных» (прым. 1 ч. 3 арт. 203 КК). Усё гэта — за адзін рэпост у сацыяльнай сетцы «Одноклассники» паста аб участковым інспектары міліцыі АУС Ваўкавыска Віктары Лутчанка. У гэтым посце, размешчаным у суполцы «Гродненская область. Перемен», была фатаграфія Лутченко ў службовай форме, а таксама яго асабістыя дадзеныя: нумар тэлефона і хатні адрас. Акрамя таго, тэкст паста знаёміў чытачоў з Лутчанка як з тым самым міліцыянтам, які запытаў у Мікалая Аўтуховіча 15 000 беларускіх рублёў за свою маральна-маёмасную шкоду — гаворка ідзе аб падпале дома и аўтамабіля міліцыянта, што і паставілі ў віну Аўтуховічу.
Адзін лайк — два артыкулы
«Упэўненыя, што гэта не адзіная справа Лутчанкі, мы збіраем інфармацыю: кожны, хто калі-небудзь сутыкаўся з ім і можа расказаць нешта, можа падзяліцца з намі аб ілжэсведчанні на судах, ужыванні гвалту да затрыманых, перавышэнні службовых паўнамоцтваў — паведамляйце нам», — гаварылася ў пасце.
На гэты пост Барыс Кучынскі и паставіў лайк — такім чынам пост і апынуўся на яго асабістай старонцы ў «Одноклассниках». Гэта адбылося, паводле абвінавачання, 28 ліпеня 2022 года. А 26 жніўня 2022 года, пасля размовы са следчым, Барыс адразу ж выдаліў сваю старонку ў сацыяльнай сетцы. Але да гэтага моманту, як лічыць абвінавачванне, Кучынскі незаконна распаўсюджваў інфармацыю аб Лутченко, бо старонка ў «Одноклассниках» не была закрытай, і, значыць, усе людзі маглі яе бачыць.
Падпісаны не на тыя каналы
На судовым працэсе ў адказ на пытанне, ці прызнае абвінавачаны сваю віну, Барыс Кучынскі падкрэсліў, што ў яго не было злачынных намераў. І тым больш, калі б ён ведаў закон, то «ніколі не зрабіў бы гэтага». Тэкст паста пра міліцыянта ён не чытаў — а паставіў лайк, таму што яму спадабалася фатаграфія Лутчанкі, і ён думаў, што там напісана нешта добрае.
Тады суддзя Сяргей Манько пацікавіўся: калі Барыс сапраўды хацеў размясціць станоўчую інфармацыю пра міліцыянта, то чаму ён не падпісаны на праўладныя каналы, напрыклад «Пул первого»? Бо ў Кучынскага ў рамках крымінальнай справы канфіскоўвалі і аглядалі яго мабільны тэлефон — і не ўбачылі там падпіскі на «нейкія праўладныя, добрыя каналы, якія сапраўды станоўча характарызуюць супрацоўнікаў АУС» (і не толькі іх — а шырэй: дзяржаўных чыноўнікаў, суддзяў, прэзідэнта). Аднак у Барыса каналы супрацьлеглыя — тыя, «якія нельга называць», заўважыў суддзя.
«Мая мэта — параўнаць інфармацыю, якая падаецца ў дзяржкрыніцах і незалежных крыніцах», — сказаў Кучынскі на гэта.
Суддзя пацікавіўся ў Барыса, каму менавіта з гэтых дзвюх крыніц ён верыць.
«Сабе», — адказаў Кучынскі.
Як вядома, суддзя Сяргей Манько быў прызначаны суддзёй Слонімскага раёна ўказам Лукашэнкі 15 кастрычніка 2020 года . На адным са сваіх судовых працэсаў у траўні 2022 года Манько папрасіў у абвінавачанага праспяваць дзяржаўны гімн Беларусі і расказаць пра тое, што азначае кожны з колераў Дзяржаўнага сцяга (чырвона-зялёнага).
Міліцыянт пацярпелы
Вядома, што ўчастковы інспектар Віктар Лутчанка ў чэрвені 2022 года выступаў пацярпелым па справе Аўтуховіча. Калі ішоў крымінальны працэс над Мікалаем Аўтуховічам і яшчэ 11-цю фігурантамі справы, праўладнае СМІ SB.BY згадвала пра тое, што Лутчанка працаваў у Ваўкавыску на акцыях пратэсту супраць прэзідэнцкіх выбараў і «тлумачыў наступствы ўдзелу ў незаконных акцыях. Уся праца вялася з прымяненнем відэафіксацыі, таму Лутчанка перыядычна выступаў сведкам на адміністратыўных працэсах над затрыманымі на акцыях». Пасля хтосьці сфатаграфаваў Лутчанку і размясціў гэта ў інтэрнэт.
На судзе па абвінавачванні Барыса Кучынскага Лутчанка распавёў, што распаўсюджванне яго асабістых дадзеных ўспрымаецца ім і яго сям'ёй вельмі цяжка. І ўспомніў пра гісторыю з падпалам яго аўтамабіля і дома (які будаваўся), згадаўшы, што праз гэта пачаўся судовы працэс над «ОПГ Автуховича» — менавіта такую фармулёўку выкарыстаў міліцыянт.
Кучынскі на судзе папрасіў прабачэння ў Лутчанкі за прычыненыя непрыемнасці і адзначыў, што не ведаў пра гісторыю са спаленым домам.
Лутчанка папрасіў у суда спагнаць з Кучынскага кампенсацыю свайго маральнага ўрону ад распаўсюджвання паста пра яго. Але ўбачыўшы Барыса на судзе і пагутарыўшы з ім, мілііцыянер вырашыў паменшыць суму свайго пазову — і з улікам усяго гэтага ацаніў прычыненую сабе шкоду ў 5 000 беларускіх рублёў.
Сам Барыс Кучынскі прызнаў пазоў міліцыянта, але папрасіў паменшыць суму, бо ягоная пенсія вельмі маленькая, а жыць неяк трэба. Таксама Кучынскі папрасіў у суда вярнуць яму канфіскаваныя падчас крымінальнай справы Рэчы: ноўтбук і мабільны тэлефон.
Дзяржабвінавачанне хацела калонію
Дзяржабвінавачанне запрасіла пакараць Барыса Кучынскага пазбаўленнем волі тэрмінам на 2 гады з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 150 базавых велічынь (што складае 4 800 беларускіх рублёў). І, да таго ж, задаволіць пазоў пацярпелага міліцыянта.
Сам Віктар Лутчанка адзначыў, што дзеянні Кучынскага былі сур'ёзнымі для яго, таму проста дараваць ён маральнага права не мае. Аднак Лутчанка хадайнічаў перад судом аб тым, каб да абвінавачанага не ўжывалі меру пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі — у сілу яго сталага ўзросту.
У выніку суддзя Сяргей Манько вынес наступны прысуд: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады (так званая «хатняя хімія»). Акрамя таго, Кучынскі павінен выплаціць штраф памерам у 150 базавых велічынь (4 800 рублёў), а таксама пакрыць пацярпеламу міліцыянту Віктару Лутчанку маральныя пакуты ў памеры 5 000 беларускіх рублёў.
Барыс Кучынскі не адразу пачуў агучаны пакаранне — і суддзя паўтарыў. Сам 72-гадовы абвінавачаны падчас судовага працэсу часта перапытваў, таму што мае праблемы са слыхам.
Акрамя гэтага, суддзя вынес прыватную пастанову: следчым па крымінальнай справе не было паказана ў якасці абставінаў, якія змякчаюць адказнасць, што злачынства здзейснена састарэлай асобай. Таксама Барыс Кучынскі паставіў лайк на пост пра Лутченко пры дапамозе свайго ноўтбука-аднак следчым гэты ноўтбук не быў прызнаны ні рэчыўным доказам па справе, ні сродкам здзяйснення злачынства. На гэтыя парушэнні варта звярнуць увагу начальніку, адзначыў Сяргей Манько.
Крыніца: Чаму не падпісаны на праўладныя каналы? Як праходзіў суд над 72-гадовым Барысам Кучынскім