Згодна з інфармацыяй Праваабарончага цэнтра "Вясна", самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій у Беларусі сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ). "Вясна" распавядае пра два прысуды кастрычніка, дзе ў якасці пацярпелых выступілі дзве амапаўкі і адна інспектарка міліцыі.
Трэцяга кастрычніка суд Ленінскага раёна горада Гродна асудзіў шматдзетную маці Яўгенію Сырбу. Жанчыну абвінавацілі ў абразе прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК РБ). Імі аказаліся дзве супрацоўніцы АМАП — Дар'я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч.
Яўгенія Сырбу распавяла на судзе, што ў адной з Facebook-груп яна пакінула каментар у дачыненні да гэтых супрацоўніц АМАПа. Бандарчук і Мазуркевіч дазналіся пра каментар не самі, а ад супрацоўніка ГУСБ. Менавіта ён і заўважыў, што ў сатсетцы быў размешчаны артыкул, у якім, у сваю чаргу, і быў здымак дзвюх амапавак у форме. І ў адным з каментароў пад гэтым артыкулам супрацоўнік ГУСБ угледзеў "абразу".
Бандарчук і Мазуркевіч палічылі, што каментар нанёс ім маральную шкоду, і запатрабавалі, каб Яўгенія Сырбу яе кампенсавала і выплаціла па 1500 беларускіх рублёў кожнай. Але ў выніку суддзя Генадзь Мазайла вырашыў паменшыць пазоў — і Сырбу павінна выплаціць па 1000 беларускіх рублёў кожнай супрацоўніцы АМАП. Таксама Мазайла прызначыў Яўгеніі Сырбу пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую станову адкрытага тыпу (ПУАТ) на два гады (т. зв. "хатняя хімія")
Дар'я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч вядомыя тым, што ў снежні 2020 года ўдзельнічалі ў крымінальнай справе фармацэўткі Марыны Палікарпавай. Справа датычыла падзей 9 жніўня 2020 года ў Гродне. Палікарпава сцвярджала, што Мазуркевіч і Бандарук у той дзень яе затрымалі і жорстка збілі. Але ў выніку пацярпелымі па справе зрабіліся амапаўкі, а Палікарпава — абвінавачанай. Тады жанчына атрымала два гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.
5 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёна горада Брэста завяршыўся разгляд справы Аляксандра Сігіневіча. Гэта не першая ягоная крымінальная справа — раней у судзе Ленінскага раёна горада Гродна мужчыну прызналі вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369) і асудзілі да абмежавання волі тэрмінам на два гады з накіраваннем у ПУАТ. Праўда, потым суд замяніў гэтае пакаранне на два гады без накіравання ў ПУАТ. На момант новага крымінальнага суда, 5 кастрычніка, мужчына паспеў адбыць амаль паўтара года свайго пакарання.
Цяпер жа Сігіневіча абвінавацілі ў абразе ўчастковай інспектаркі міліцыі Ленінскага раёна горада Брэста Дзіяны Халабуды. Зроблена гэта было, згодна з версіяй суда і следства, праз Telegram-канал "Каратели Беларуси" яшчэ ў лістападзе 2020 года. Там размясцілі допіс пра Халабуду, у якім адзначалася, што яна таксама працуе канваіркай. Пад пастом пакінулі шмат каментароў, сярод якіх нібыта быў і "абразлівы каментар" Сігіневіча. Халабуда запатрабавала, каб мужчына выплаціў ёй 1000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.
Але сам Аляксандр Сігіневіч віны не прызнаў. На судзе ён распавёў, што наогул не пісаў ніякага каментара, бо падчас з'яўлення паведамлення ён знаходзіўся ў лякарні з ковідам, вельмі дрэнна пачуваўся і таму быў не ў стане штосьці пісаць на тэлефоне. Сігіневіч выказаў здагадку, што хтосьці ўзяў ягоны тэлефон з тумбачкі ля ложка ў палаце — і выкарыстаў ягоны акаўнт.
Суддзя Марыя Аліферук такой версіі зусім не паверыла і прызначыла Аляксандру Сігіневічу два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Таксама суддзя задаволіла пазоў Дзіяны Халабуды на 1 000 беларускіх рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Крыніца: Міліцыянткам — грошы, абвінавачаным —“хатняя хімія”. Два дыфамацыйныя прысуды кастрычніка