Суд Ленінскага раёна Мінска 26 кастрычніка вынес прысуд 32-гадовай супрацоўніцы IT-кампаніі Анастасіі Гунько. Яе абвінавацілі ў арганізацыі альбо падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Справу разглядала суддзя Юлія Шут.
Пра затрыманне жыхаркі Ждановічаў стала вядома 12 жніўня. Тады праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне супрацоўніцы IT-кампаніі Анастасіі Гунько. Паводле іх, у 2020-ым годзе дзяўчына прымала ўдзел у акцыях пратэсту і перакрывала рух транспарту. На “пакаяльным відэа” Анастасію прымусілі нават назваць свой заробак.
Па матэрыялах абвінавачання, у жніўні 2020 года Гунько, "дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена групай асоб з іншымі асобамі, прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады - супрацоўнікаў АУС... Яна выкарыстоўвала ў якасці пратэстнай сімволікі палатно бел-чырвона-белага колеру, рухалася па праезнай частцы дарогі па праспекце Незалежнасці ў Мінску, блакавала і заступала шлях транспартным сродкам, што пацягнула парушэнне працы грамадскага транспарту".
На судзе сваю віну прызнала, паведаміла, што лозунгаў не выкрыквала, а падчас удзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве пры сабе мела палатно бел-чырвона-белага колеру, па якім яе і апазналі пазней на фотаздымку.
Суд прызначыў Анастасіі Гунько пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады, вызваліўшы з-пад арышту ў залі суда.
Крыніца: Айцішніцу са Ждановіч асудзілі да "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе