У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманая ў кастрычніку аршанка Марыя Яшчанка знайшлася на Валадарцы
У пачатку кастрычніка Марыю Яшчанку затрымалі ў Менску разам з яе хлопцам Раманам Цыганковым. Міліцыя брутальна уварвалася ў іх кватэру, зламаўшы ламамі жалезную дзверы. Пасля затрымання абодвух асудзілі па адміністрацыйных справах на 14 сутак. Паралельна завёўшы крымінальныя справы.
14 сутак скончыліся, але пара не выйшла на волю. Марыю перавялі ў СІЗА на Валадарскага. І распачалі супраць яе справу па артыкуле 342, якая прадугледжвае адказнасць за ўдзел у акцыях пратэсту. Праваабаронцы высвятляюць лёс Цыганкова.
У Спіс «экстрэмістаў» МУС дадалі яшчэ 70 чалавек
Сярод іх 18-гадовыя Максім Імхавік і Іван Пацяйчук, палітзняволены журналіст Сяргей Гардзіевіч, які ў кастрычніку выйшаў на волю, жыхар Віцебска Аляксей Рэзнікаў, асуджаны да 4,5 гадоў калоніі за пасты і рэпосты «ВКонтакте».
На дадзены момант у «Спісу экстрэмістаў» МУС 1784 чалавекі.
Музыкаў Tor Band, верагодна, не выпусцілі на волю пасля 15 сутак арышту
Мінуў тэрмін затрымання ўдзельнікаў рагачоўскага гурта Tor Band Змітра Галавача і Яўгена Бурло, але іх далейшы лёс пакуль застаецца невядомым. Мяркуючы па ўсім, музыкаў не выпусцілі на свабоду пасля 15 сутак арышту, піша @flagshtok.
У Рагачоўскім і Жлобінскім РАУС, дзе маглі ўтрымліваць музыкаў, іх жонак, а таксама фатографа Андрэя Салава, які здымаў для гурта кліпы, адмовіліся паведаміць, дзе цяпер знаходзяцца затрыманыя і паводле якога абвінавачвання. Міліцыянты патрабуюць, каб блізкія родзічы прыходзілі асабіста з пашпартамі, каб атрымаць інфармацыю.
Палітзняволены журналіст Алесь Любянчук пераведзены ў жодзінскі СІЗА
27 кастрычніка журналісту Любянчуку прысудзілі тры гады калоніі паводле ч.3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім»).
Да 2020 года Любянчук быў журналістам, трапляў пад арышт за працу на акцыях пратэсту пасля выбараў-2020. У апошнія гады ён шмат займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў дзецям-сіротам, арганізоўваў турыстычныя паходы і аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну Наваградчыны.
Інфармацыя дапаўняецца.