На ТРК "Брэст" днямі выйшаў відэасюжэт пра беларусаў, якія ў першыя дні пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне фатаграфавалі вайсковую тэхніку і публікавалі гэта ў інтэрнэце ці перадавалі ў "экстрэмісцкія" Telegram-каналы. Сярод такіх людзей — 30-гадовы палітзняволены фізік з Мінска Дзяніс Сасункевіч. У відэасюжэце з калоніі "Воўчыя норы" хлопец з прымацаванай "экстрэмісцкай" жоўтай біркай распавядае сваю гісторыю. "Вясна" публікуе гісторыю Дзяніса, пра якую раней не было вядома. Да зняволення Дзяніс працаваў у дзяржаўнай установе. Затрымалі яго сёлета 25 сакавіка. Супраць Сасункевіча распачалі крымінальную справу паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Разгляд ягонай справы адбыўся 4 ліпеня ў Мінскім гарадскім судзе. Суддзя Святлана Чарапанава асудзіла хлопца да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, палітвязень адбывае пакаранне ў івацэвіцкай ПК № 22, вядомай як "Воўчыя норы".
Хлопец у відэасюжэце спакойна дзеліцца акалічнасцямі сваёй справы:
"28 лютага ў цэнтры Мінска я пабачыў вайсковую тэхніку з пазначэннем на корпусе V. У той момант у інфармацыйнай прасторы было шмат усялякіх чутак, розных версій. І ў той момант я неяк разгубіўся і чамусьці вырашыў, што ваенныя дзеянні могуць закрануць і нашу краіну нейкім чынам. Няважна — ці то гэта будзе непасрэдны ўдзел, ці то на нашай тэрыторыі гэта неяк закранецца. І я сфатаграфаваў вайсковую тэхніку, якая была ў цэнтры Мінска, і адправіў на адзін з экстрэмісцкіх Telegram-каналаў. Такім чынам здзейсніў "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
Пра які Telegram-канал ідзе гаворка — невядома. У сюжэце паведамляецца, што Сасункевіч быў даўно падпісаны на яго, але не быў актыўны там. Калі скідаў здымак, то "не ўсведамляў, што ажыццяўляе садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Дзяніс у сюжэце кажа, што "зрабіў неабдумана".
"Бачыў там падобныя фатаграфіі з пазначэннямі V і Z, таму туды і адправіў. Учынак быў зроблены, хутчэй, на эмоцыях. Пасля гэтага на яго і забыўся, ён застаўся ў мяне ў тэлефоне".
Палітвязень адзначае, што "каб была такая магчымасць, то зрабіў бы па-іншаму". У сюжэце адзначаецца, што Дзяніс "не трывае гвалту", і ў тым ліку таму ён не браў удзелу у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
"У першыя дні [вайны] было вельмі шмат стрэсу, хваляванняў, перажыванняў з боку сваякоў, знаёмых. Таму была такая не вельмі простая сітуацыя. І я тады зрабіў гэтую памылку, паддаўся эмоцыям, спужаўся вайны і выклаў дадзеную фатаграфію. Не выключана, што нейкім чынам гэтыя падзеі [вайна ва Украіне] могуць закрануць Беларусь, чаго вельмі не хацелася, каб наша краіна неяк пацярпела ў выніку ўсяго гэтага".
"Асобы вядуць нязгоду з палітыкай Рэспублікі Беларусь"
Пракурор Брэсцкай вобласці Аляксандр Бацюшка паведаміў, што на тэрыторыі рэгіёна распачалі крымінальныя справы за тое, што грамадзяне незаконна збіраюць звесткі, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты (арт. 375-1 КК).
"Здзяйсненне дадзеных злачынстваў выяўляецца ў тым, што асобы вядуць нязгоду з палітыкай Рэспублікі Беларусь у сувязі з правядзеннем Расійскай Федэрацыяй спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны, незаконна збіраюць звесткі пра размяшчэнне вайсковых частак, падраздзяленняў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, якія адносяцца да дзяржаўных сакрэтаў, а пасля з дапамогай Telegram перадаюць скрыншоты фрагментаў карт з месцамі іх дыслакацыі грамадзянам іншых дзяржаў", — кажа пракурор.
Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, паводле арт. 375-1 КК у Беларусі асудзілі толькі аднаго чалавека — жыхара Драгічына Антона Малюгу.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у першыя дні вайны ва Украіне "збіраў каля Пінска звесткі пра размяшчэнне вайсковых частак", на карце Беларусі адзначыў месцазнаходжанне вайсковых частак і скінуў яго чалавеку ва Украіне, а таксама адпраўляў тэксты ў "экстрэмісцкія Telegram-боты". Брэсцкі абласны суд прысудзіў Антону тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Паводле арт. 361-4 КК за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" ў Беларусі асуджаны 19 чалавек. Большасць крымінальных спраў па гэтым артыкуле завялі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне 24 лютага 2022 года з прычыны перадачы інфармацыі (фота, відэа) у беларускія Telegram-каналы, прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі, пра расійскую вайсковую тэхніку на тэрыторыі нашай краіны.
Падтрымаць Дзяніса можна лістамі і тэлеграмамі: ПК № 22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, арт. Даманава, а/с 20, Дзяніс Мікалаевіч Сасункевіч
Крыніца: "Спужаўся вайны". Палітвязень з жоўтай біркай распавёў сваю гісторыю на дзяржаўным тэлебачанні