У Мінскскім абласным судзе 15 лістапада асудзілі палітзняволенага Аляксандра Мішука паводле ч. 1 арт. 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характара (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Вікторыя Паляшчук. Як паведамляе Беларускі Незалежны прафсаюз, Аляксандра затрымалі 25 траўня 2022 года на працоўным месцы. У яго дома і ў кабінеце на працы правялі вобшук. Мужчыну цягам 2 месяцаў утрымлівалі ў СІЗА КДБ, пасля перавялі ў СІЗА-1 Мінска. Цягам 4 месяцаў Аляксандру не дазвалялі спаткацца з жонкай.
Падчас другога судовага пасяджэння зачытвалі паказанні сведкаў, у тым ліку адміністрацыі ААТ “Беларуськалія”, актывістаў Беларускага Незалежнага прафсаюзу. Старшыня пярвічнай арганізацыі “Белхімпрафсаюзу” Андрэй Рыбак, які таксама выступаў у судзе, адзначыў, што яго прафсаюз быў супраць страйку, а Незалежны прафсаюз страйк падтрымліваў.
Пракуратура паставіла ў віну Аляксандру яго выступ перад работнікамі з “мэтай стварэння страйкавага камітэту”. У сваю чаргу Аляксандр тлумачыў свой выступ як эмацыйны, паколькі ў той час усе знаходзіліся пад уздзеяннем эмоцый з-за масавага гвалту з боку сілавікоў.
14 лістапада на чарговым пасяджэнні пракурор запрасіў Аляксандру 3 гады калоніі.
15 лістапада суддзя Мінскага абласнога суда Вікторыя Паляшчук прызнала Аляксандра Мішука вінаватым паводле ч. 1 арт. 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характара (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса і асудзіла яго на два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Аляксандр Мішук – віцэ-старшыня Беларускага Незалежанага прафсаюза (БНП) і старшыня першаснай арганізацыі БНП ААТ “Беларуськалій”.
Крыніца: За выступ перад работнікамі "Беларуськалій" прафсаюзнага лідара асудзілі на 2,5 гады калоніі