У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК затрымаў адміністратара telegram-чата "ГОБК"

Паводле сілавікоў, 38-гадовы Дзмітрый Сцяпанаў адміністраваў чат «ГОБК», «які з'яўляўся структурным падраздзяленнем экстрэмісцкага фармавання "dzechat"».

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што ў чаце нібыта неаднаразова публікаваліся заклікі здзяйсняць гвалтоўныя дзеянні над супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Палітзняволены Дзяніс Івашын 10 дзён знаходзіцца ў карцары. Падтрымайце яго!

Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына 4 лістапада змясцілі ў карцар на 7 сутак за чарговае "парушэнне правілаў унутранага распарадку". Але праз тыдзень яго так і не выпусцілі. Гэта значыць, што яму дадалі чарговыя "суткі".

Нагдаем, 15 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме распачаўся разгляд справы журналіста. Праз месяц суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Вы можаце падтрымаць палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі.

Падтрымайце палітвязня: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну

Напісаць анлайн

Чарговае папаўненне Спіса "экстрэмісцкіх" матэрыялаў

У яго трапілі:

Telegram-каналы «Germanische ᚢ Tradition», «Вороново Chat»;Youtube-канал «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ»;Telegram-стыкеры «Adolf Hitler»;Facebook-суполка «Пинск – это Родина».

Затрымана віцебская журналістка Жанна Жалевіч

Як паведамляе "Віцебская Вясна", яе праз тэлефон выклікалі на гутарку ў райаддзел Першамайскага раёну. На пытанне, ці браць з сабой нейкія рэчы, міліцыянт параіў: «Вазьміце на ўсялякі выпадак». З кароткай тэлефоннай размовы жанчыне стала зразумелым, што ў яе сацыяльных сетках знайшлі допісы «са сцягам» і «з надпісамі» – так патлумачыў супрацоўнік міліцыі.

Праз 3 гадзіны знаходжання ў РАУС Жалевіч не выйшла з будынка, яе тэлефон не адказвае.

У апошнія гады Жалевіч у якасці журналісткі супрацоўнічае за выданнем «Витебский курьер», у асноўным піша пра культурніцкія падзеі Віцебска. Таксама яна вядомая ў Віцебску зоаабаронца.

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы, затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 15 лістапада