У судзе Віцебскага раёна 15 лістапада працягваўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 68-гадовага жыхара в. Хатоля Віцебскага раёна палітвязня і ўраджэнца Украіны Аляксандра Патапава. Мужчыну абвінавачваюць у абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Cуд Віцебскага раёна

Судовы працэс вядзе суддзя – Наталля Траццякова, дзяржабвінаваўца - пракурор Барысенка.

Палітзняволены Аляксандр Патапаў быў затрыманы міліцыяй  25 жніўня 2022 года і ўзяты пад варту па падазрэнні ў абразе Лукашэнкі праз каментары ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”. Раней Аляксандра ўжо затрымлівалі ў межах адміністрацыйнай справы па арт. 19.11 КаАП, тады яму прызначылі штраф.

Цяпер Патапаў утрымліваецца ў Віцебскім абласным следчым ізалятары №2 і мае патрэбу ў маральнай падтрымцы і матэрыяльнай дапамозе. 

У першы дзень судовага працэсу было агучана абвінавачанне: Ураджэнец Украіны ў Беларусі пражывае з 1997 года". Пасля ранення і гібелі во Украіне ад рук расійскіх вайскоўцаў ягонай дачкі Аксаны і пляменіцы, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 года размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла "абразлівымі".

Сёння ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў. Дзяржабвінаваўца запрасіла пазбаўленне волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Адвакат настойвала на арышце, паколькі Патапаў прызнаў сваю віну і такая мера прадугледжана санкцыямі артыкула 368 Крымінальнага кодэкса.

Сваё апошняе слова, хвалюючыся, Аляксандр Патапаў пачаў на рускай мове, перамешваючы яе з беларускімі і украінскімі словамі.

“Паважны суд, паважны пракурор! Я шчыра каюся, у тым што зрабіў…”, – казаў ён.

Суддзя перабіла яго.

– Абвінавачаны! Вы з’яўляецеся грамадзянінам Беларусі, таму павінны гаварыць на рускай мове, альбо на беларускай.

– Прабачце мяне, – працягваў па-беларуску Патапаў. – Я каюся.

Прысуд будзе абвешчаны 16 лістапада ў 14-50.

Крыніца: Суддзя забараніла палітвязню Аляксандру Патапаву выкарыстоўваць у апошнім слове украінскія словы, хаця яны былі ідэнтычнымі беларускім